Уладзіміру Кондрусю за "Плошчу" пагражае псіхіятрычная лякарня?

Уладзіміру Кондрусю за "Плошчу" пагражае псіхіятрычная лякарня?

Суд над удзельнікам "Плошчы-2010", Уладзімірам Кондрусем праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Мінска 16 лістапада. Судовае пасяджэнне атрымліваецца скамячаным, але вельмі эмацыйным і напружаным.

Кондруся, у куртцы і нейкіх тапках на нагах, прыводзяць у судовую залу, заводзяць у клетку, міліцыянт праз рашотку здымае з яго кайданкі і Уладзімір раскладвае на падлозе куртку і… няспешна ўкладваецца на яе. І ніяк не рэагуе на пытанні да яго суддзі. Суд абвяшчае перапынак на дзесяць хвілін, каб прыняць рашэнне ― што ў такой сітуацыі рабіць.

Праз амаль 30 хвілін суддзя вяртаецца, у клетку зноў прыводзяць Кондруся і ён зноў кладзецца на падлогу.

― Што гэта азначае? ― пытаецца суддзя Святлана Бандарэнка ў адваката Вадзіма Мушынскага. ― Вы патлумачылі свайму падабароннаму, што суд мае права выдаліць яго з залы суда?

― Патлумачыў. Такім чынам ён выказвае свой пратэст супраць крымінальнай справы ў дачыненні да сябе, ― адказвае адвакат.

― З улікам такіх паводзінаў судом вырашаецца пытанне аб выдаленні абвінавачанага з залы судовых пасяджэнняў, ― спакойна кажа суддзя.

― Вены рэжа! ― раптам крычыць міліцыянт, які неадрыўна ўвесь гэты час сачыў за Кондрусем.

Міліцыянты ля клеткі з абвінавачаным кідаюцца да яго, прысутныя ўскокваюць з месцаў, але міліцыянты ў зале імгненна становяцца ў шарэнгу і пачынаюць выціскаць усіх з залы, грознымі крыкамі прымушаючы журналістаў убраць фотакамеры. Такая ж рэакцыя і на мой тэлефон, на які я спрабую зняць відэа. Праўда, з-за спінаў міліцыянераў убачыць, што адбываецца з клетцы, немагчыма.

Потым, у калідоры суда, чакаючы, чым скончыцца сённяшняе пасяджэнне, спрабуем высветліць: што на самой справе адбылося ў клетцы з абвінавачаным? Версіі розныя. Нехта кажа, што бачыў кроплі крыві, нехта ― бінты побач з Кондусем, нехта ― што былі толькі лёгкія драпіны без крыві. Нават адвакат, які сядзеў побач з Уладзімірам, кажа, што не можа нічога сцвярджаць дакладна ― сядзеў спіной, потым усё перакрылі спіны міліцыянераў, а яшчэ праз непрацяглы час яго падабароннага проста вывелі з залы.

Уладзіміру Кондрусю за "Плошчу" пагражае псіхіятрычная лякарня?
Адвакат Вадзім Мушынскі і бацькі Уладзіміра Кондруся

Пазней, ужо па заканчэнні пасяджэння, гучыць версія, што, магчыма, ніякай спробы суіцыду і не было. Маўляў, такім чынам проста быў спынены працэс, які сёння ну зусім не патрэбны афіцыйнаму Мінску ― навошта Беларусі цяпер абзаводзіцца палітвязнем? Тым не менш, і такая версія мае права на існаванне. Чаму?

Пасля чарговага перапынку суд прымае рашэнне: “З улікам паводзінаў Кондруся падчас судовага пасяджэння, якое выклікае сумневы ў яго псіхічным стане, і няўдалую спробу суіцыду суд лічыць неабходным прызначыць у дачыненні да абвінавачанага Кондруся стацыянарную комплексную судовую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу”.

“Якая зацягнецца найменш на месяц”, ― тлумачыць мне праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

“Суд ― гэта вызначаная і дакладная сістэма дзеянняў. А Кондрусь ім усё гэта зламаў, і ў іх няма выхаду: ім трэба падумаць, што з ім рабіць? І трэба пільна сачыць, каб яго не прызналі псіхічна нездаровым. Ён усё рабіў цалкам свядома, ён цалкам разумны і стрыманы чалавек”, ― падтрымлівае праваабаронцу Эдуард Пальчыс.

Па словах Стэфановіча і Пальчыса, пагроза, што Кондруся прызнаюць псіхічна нездаровым, рэальна існуе ― тады суд давядзецца адмяніць, а абвінавачанага накіруюць на лячэнне. Што нават горш за турму, упэўнены Пальчыс.

“Бо яму могуць прызначыць лячэнне “пакуль ён не вылечыцца”. А ўлічваючы яго характар, гэта можа доўга працягвацца. А псіхіятрычныя лякарні нават больш закрытыя і там няма тэрміну лячэння: лячыць пакуль не вылечаць”.

Бацькі Кондруся ў залу пасяджэнняў так і не патрапілі: увесь час сядзелі ў холе ― чакалі, пакуль іх выклічуць у якасці сведак. І пра спробу суіцыду сына, і пра рашэнне суда наконт экспертызы яны даведаліся ад журналістаў. Па іх словах, у псіхічным здароўі сына яны ўпэўненыя, а яго паводзіны на судзе ― толькі пратэст супраць крымінальнай справы.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі