Уначы тэрарысты вывезлі "Бук", з якога збілі самалёт, у Расію
Пра гэта заявіў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка.
Нагадаем, учора над Данецкай вобласцю на вышыні больш за 10 тысяч метраў быў збіты Boeing 777 кампаніі "Malaysia Airlines", загінулі амаль 300 чалавек.
Антон Герашчанка сцвярджае, што ў Снежнае ўначы прыязджаў камандзір данецкіх тэрарыстаў масквіч Ігар Гіркін (Стралкоў, "Стралок"), каб "разруліць" сітуацыю са збітым пасажырскім самалётам. "Уначы ўстаноўка "Бук", з якой быў зроблены пуск ракеты, была вывезеная на тэрыторыю Расіі, дзе яе найхутчэй знішчаць, як і непасрэдных выканаўцаў тэракту, што падставілі Пуціна і Стралкова, які радасна заявіў пра збіты ўкраінскі Ан-26".
Таксама дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны паведаміў, што ўкраінская разведка мае інфармацыю пра планы вывазу тэрарыстамі чорных скрыняў збітага самалёта на мяжу з Расіяй для перадачы "куратарам з ФСБ".