Упаў экспарт ПВТ — упершыню ў гісторыі Парка
Скараціліся і колькасць новых працоўных месцаў, і колькасць цэнтраў распрацоўкі замежных карпарацый
Экспарт Парка высокіх тэхналогій у 2022 годзе ўпаў на паўмільярда долараў. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі ПВТ, які з 2018 года толькі актыўна рос і развіваўся.
Адміністрацыя ПВТ абнавіла інфармацыю пра экспарт, новыя працоўныя месцы, аб'ём вытворчасці і продажу за 2022 год, а рэсурс dev.by параўнаў гэтыя дадзеныя з паказчыкамі 2021 года. Атрымалася, што экспарт скараціўся на 15% (тыя самыя 500 мільёнаў долараў). У 2022 годзе ён склаў 2,7 мільярда долараў. Аб'ём вытворчасці скараціўся на 11,5% да 8,3 мільярда рублёў. У 2021 годзе было 9,4 мільярда рублёў.
У 2022 годзе ў Парку было створана 7 тысяч працоўных месцаў, а годам раней гэты паказчык складаў 8+ тысяч. Скарацілася на 15% і колькасць цэнтраў распрацоўкі замежных карпарацый. Калі ў 2021-м іх было 122, то ў 2022 стала крыху больш за 100.
Адзначым, што ў 2020 годзе доля Парку ў ВУП Беларусі перавысіла 4%, пры тым што ў ПВТ на той момант працавала ўсяго 1,5% ад усіх занятых у эканоміцы. У 2023 эксперты называюць сферу IT нароўні з сельскай гаспадаркай абласцямі, якія тармозяць рост беларускай эканомікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.