Усяго 30 рублёў: у інтэрнэце прадаюцца неімянныя карткі Белгазпрамбанка
Карткі на "вітрыне" тэлеграм-магазіна
Еўрарадыё выявіла акаўнт у "Тэлеграме", які прадае неімянныя банкаўскія карткі Белгазпрамбанка. Па словах прадаўца, карткі прадаюцца разам з сім-карткай. Усё аформлена на "дропа" — падстаўную асобу, якая дала свае пашпартныя звесткі.
Прадавец прапануе карткі Белгазпрамбанка Visa Classic СASHALOT у BYN і MasterCard у той жа валюце. За кожную хоча 30 рублёў. Карткі эмітаваныя зусім нядаўна — на скрыншотах відаць, што карыстацца імі можна да 2025 года.
Мы распыталі чалавека, які хаваецца ў "Тэлеграме" пад нікам Operator, адкуль у яго столькі картак Белгазпрамбанка. Паводле яго слоў, прапанова ніяк не звязаная з ператрусамі, крымінальнымі справамі і іншымі апошнімі падзеямі вакол банка: "Проста Белгазпрамбанк — найлепшы банк у краіне на сённяшні дзень. Пераводы без камісій, бясплатнае абслугоўванне, зняцце наяўных ва ўсіх банкаматах краіны і г. д. І яшчэ свой чалавек у офісе сядзіць".
Прадавец ручаецца за якасць і кажа, што ўсё бяспечна: "Карта будзе заблакаваная толькі ў выпадку няправільнага ўводу пін-кода ў банкаматах і г. д." Разблакаваць яе ўжо ніяк не атрымаецца, але з дапамогай прывязанай сім-карткі можна будзе карыстацца карткай праз інтэрнэт-банк.
Выпуск і абслугоўванне картак CASHALOT бясплатныя. Відавочна, што гэта сапраўдны, а не падроблены або крадзены пластык. Людзі купляюць такія карткі для таго, каб ананімна пераводзіць грошы ў наяўныя праз банкаматы або расплачвацца за нешта незаконнае. Пры выкананні пэўных мер засцярогі, калі незаконныя аперацыі будуць выяўленыя, у поле зроку падатковых і іншых органаў трапіць толькі той чалавек, на чые звесткі аформлена картка, а не той, хто ёю рэальна распараджаецца.
Каб атрымаць грошы за пакупку, прадавец дае нам нумар сваёй карткі — дарэчы, таксама выпушчанай у Белгазпрамбанку. Але мы на гэтым этапе спыняемся. Па-першае, ананімная картка нам не патрэбна. Па-другое, няма ніякай гарантыі, што, атрымаўшы перавод, прадавец не знікне на прасторах інтэрнэту. Ён жа добра разумее, што пакупнік не будзе заяўляць у міліцыю: "Я тут хацеў купіць пластыкавую картку на падстаўную асобу, і мяне падманулі…"
А па-трэцяе, да ананімнасці так ці інакш узнікаюць пытанні. Каб даставіць картку, Operator просіць паведаміць яму прозвішча, імя, імя па бацьку і адрас, на які кур'ерскай дастаўкай будзе адпраўлена пасылка. "Паверце, поштай нашмат больш небяспечна", — кажа ён. Аднак мы разумеем, што ў выпадку, калі прадавец трапіць у рукі сілавікоў (а рана ці позна гэта здарыцца), адсачыўшы адпраўленні, яны даведаюцца звесткі пра яго пакупнікоў.
З пытаннем пра тое, адкуль у прадаўцоў столькі картак Белгазпрамбанка, Еўрарадыё звярнулася ў сам банк. Там нам расказалі, што, хутчэй за ўсё, на "тым баку" махляры. "Сапраўды, картка можа быць выпушчаная як неімянная, без нанясення імя і прозвішча на загатоўку. Але карт-рахунак, тым не менш, адкрываецца на імя ўладальніка карткі паводле пашпартных звестак. Наша банкаўская сістэма ўладкаваная такім чынам, што такая сітуацыя, як вы апісваеце, немагчымая".
Мы падзяліліся са службай бяспекі банка звесткамі прадаўца. Хай самі правераць, магчымая такая сітуацыя ці не, — раптам у іх і праўда атрымаецца купіць картку свайго банка ў "Тэлеграме"?
У Расіі ж для афармлення такіх картак працуе наступная схема. Публікуецца аб'ява, якая заклікае ўсіх ахвотных зарабіць грошай, практычна не прыкладаючы ніякіх намаганняў. Кожнаму, хто звярнуўся, прапануецца за ўзнагароджанне адкрыць дэбетавую картку, аформіць прывязаную да яе сім-картку, падключыць інтэрнэт-банкінг і да т. п. Усё гэта перадаецца аўтарам аб'явы. А яны потым прадаюць такія камплекты.
У асноўным клююць на лёгкія грошы пажылыя, маламаёмныя або залежныя ад алкаголю людзі. На жаль, праблем у іх ад гэтага потым толькі дадаецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.