Вярхоўны суд Беларусі забараніў назву тэлеканала "Белсат"
4 верасня Вярхоўны суд абавязаў Польскае тэлебачанне спыніць выкарыстанне гандлёвага знака "Белсат" пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі.
Таксама забаронена выкарыстанне знака на інтэрнэт-старонцы сайта "Белсат", даступнай карыстальнікам на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з адказчыка 9 998 800 рублёў судовых выдаткаў, перадае Радыё "Свабода".
Нагадаем, што пазоў супраць кампаніі Telewizja Polska S.A., якой належыць гандлёвая марка "Белсат", падаў уладальнік беларускай фірмы "БЕЛСАТплюс" Андрэй Белякоў. Суды цягнуцца з траўня 2013 года. Белякоў кажа, што яго кампанія, якая займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання, нібыта нясе страты з-за сугучнасці з назвай тэлеканалу.
27 студзеня 2014 года калегія Вярхоўнага суда адхіліла пазоў Белякова ў сувязі з тым, што заяўнік не даў доказаў парушэння яго выключных правоў на гандлёвы знак. Але праз пяць месяцаў Прэзідыўм Вярхоўнага суда прыняў рашэнне накіраваць пазоў Белякова супраць тэлеканалу "Белсат" на новы разгляд у сувязі з нібыта недасканалым вывучэннем доказаў па справе.
Фота — svaboda.org