Як стыхія "гаспадарыла" ў Брэсцкай і Мінскай абласцях. Фота і відэа

У другой палове дня 13 красавіка сапраўдная бура абрынулася спачатку на Брэст. Моцны вецер (ён дасягаў хуткасці 20 метраў за секунду) перакульваў гандлёвыя палаткі, валіў дрэвы, некаторыя з якіх падалі на аўтамабілі. Агулам пашкоджаныя 14 аўтамабіляў. 10 з іх патрапілі пад абвал цаглянай сцяны.

Далей пад удар стыхіі патрапіла Мінская вобласць. Паводле звестак МНС, там пацярпелі 67 населеных пунктаў у Барысаўскім, Вілейскім, Клецкім, Лагойскім, Мінскім, Маладзечанскім, Слуцкім, Салігорскім і Старадарожскім раёнах. Без электрычнасці былі 12 населеных пунктаў. Вецер пашкодзіў дахі 37 будынкаў, а сярод іх 13 жылых дамоў. Праводзяцца рамонтныя работы.

У Салігорску вецер абрынуў бетонны плот на стадыёне футбольнага клуба "Шахцёр". Як паведамляе "Прессбол", у горадзе пашкоджаныя аўтамабілі, вырваныя з зямлі дрэвы, рэкламныя шчыты. Учора ўвечары былі перабоі з электрычнасцю (гл. відэа).

Стыхія нанесла шкоду і сталіцы. На скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова вецер вырваў і перакуліў тэлефонную кабіну, інфармуе "Наша ніва".

Як можна меркаваць, вецер нанёс шкоду і ў іншых абласцях. Напрыклад, вядома, што ў Гродзенскай вобласці былі пашкоджаныя дахі 7 будынкаў. Звесткі пакуль збіраюцца.

Фота: realbrest.by, Прессбол, Наша ніва, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі