Як за 15 гадоў стабільнасці абясцэнілася купюра ў 50 рублёў
У студзені 2000 года за долар трэба было аддаць шэсць "пяцідзясятак", цяпер — 211 банкнот. А ў кефіры банкнота абясцэнілася ў 200 разоў.
У 2000 годзе Нацбанк уводзіць у абарот купюру наміналам 50 рублёў. Яна праіснуе да 1 ліпеня 2015 года. Банкноту ўвялі пасля дэнамінацыі, калі закрэслівалі тры нулі, а беларусаў пачалі прывучаць лічыць цэны на каўбасу не ў мільёнах, а ў тысячах.
Аднак і на той час купюра з Брэсцкай крэпасцю, з якой мы неўзабаве развітаемся, чагосьці каштавала. Напрыклад, долар (курс быў роўны 320 рублям на 1 студзеня 2000) можна было купіць за шэсць “пяцідзясятак”, а праз пятнаццаць гадоў такіх білетаў Нацбанка спатрэбіцца 211 штук.
Атрымліваецца, банкнота ў дачыненні да долара абясцэнілася ў 35 разоў.
Як гэта выглядае ў прадуктах? Цяпер купіць 900 грамаў рысу можна за 220 “пяцідзясятак”, а ў 2000 годзе можна было за дзевяць з паловай. Розніца ў 23 разы!
Мала таго, на 50 рублёў ў студзені 2000-га можна было набыць амаль літр 1,5% малака (у студзені 2000 яно каштавала 69 рублёў), больш за літр нятлустага кефіру (41 рубель), 86 грамаў карамелі (кілаграм каштаваў 575 рублёў), тры пачкі солі (15 рублёў) і пачак анальгіну (41 рубель), крыху больш за паўкіло жытняга хлеба (78 рублёў за кіло) і амаль два літры мінеральнай вады (36 рублёў за літр), дзве пачкі папярос (25 рублёў) або паўкіло мукі (100 рублёў за кілаграм). Праз 15 гадоў стабільнай палітыкі за 50 рублёў нельга набыць нічога.
Цікава, ці стануць беларусы падымаць 50-рублёвую банкноту на вуліцы? Непрыкметна кідаем на вуліцы Карла Маркса 50 рублёў і хаваемся за вуглом з фотаапаратам.
Але ці то месца няўдалае, ці то людзі нейкія не тыя трапляліся, але купюра так і праляжала ўсе 30 хвілін. Самае дзіўнае, што на 50 рублёў ніхто нават не скасіў вочы і не прыпыніўся!
Зусім па-іншаму паводзіў сябе народ у пераходзе на вакзале. Купюру падняла першая ж жанчына, я не паспела нават дастаць фотаапарат!
Давялося дастаць яшчэ адну.
Хвілін 10 ніхто не адважваўся падняць грошы, аднак вельмі многія злёгку запавольвалі ход, убачыўшы на падлозе грошы, або падфутбольвалі, не паспеўшы затармазіць.
Прайшла нават бабуля, вельмі падобная да бяздомнай, але і яна не нахілілася па купюру. Праз дзесяць хвілін грошы падняла жанчына. Вырашыўшы, што хопіць выкідаць грошы і фартуна гэтага не даруе, звярнулася да мінакоў з пытаннем, па якую купюру нахіляцца яны.
Студэнткі эканамічнага факультэта БДУ Алена і Таццяна хітра смяюцца — не па кожную купюру дзяўчаты нахіляюцца, будуць лавіць толькі буйную банкноту.
“100 тысяч, ну, 50, нават 20. А па пяцёрку, можа, і не нахілілася б. Нават 5000 рублёў ужо і не грошы. Так яно і адбываецца: яшчэ тры гады таму я б, можа, і нахілілася нават па “пяцёрку”, а дзесяць гадоў таму падняла б і тысячу. А цяпер нічога за гэтыя грошы не купіш”.
“Напэўна, ні па якую купюру не нахілюся: ніколі не падымаю грошы. Толькі калі будзе вельмі неабходна, — студэнтка Насця збянтэжана ўсміхаецца і вагаецца з адказам: яна не ведае, што зрабіла б, калі б на абсалютна пустой дарозе знайшла сто ці пяцьдзясят тысяч рублёў. У выніку прыходзіць да высновы, што не ўзяла б грошы і ў такой сітуацыі. — Я думаю, падымаюць тыя людзі, якім гэтыя грошы вельмі патрэбныя”.
А вось Ларыса, якая працуе прадаўшчыцай, нахіліцца па кожную капеечку.
“Я звычайна падымаю грошы. Часам так патрэбныя гэтыя 50 рублёў, лішні раз можна і нахіліцца”.
Дзіўна, але пенсіянеры і людзі, вонкава падобныя да бяздомных, адрозніваюцца асаблівым гонарам — грошы не возьмуць ні пры якіх абставінах, але просяць вярнуць іх уклады, якія згарэлі ў 1990-х гадах на ашчадных кніжках.
Былога капітана цеплахода Генадзя такое пытанне нават злёгку крыўдзіць: маўляў, нічога не трэба, добра жыву, нікуды не хаджу і нічога не падымаю.
“Я не бяру выпадковых грошай — нічога на дарозе проста так не валяецца. Калі нехта паклаў — значыцца, хоча паздзекавацца. Калі будуць грошы ляжаць, я іх не вазьму. Хтосьці згубіў, хтосьці знойдзе", — разважае Генадзь.
Марыя не ведала, што купюра ў 50 рублёў выходзіць з абароту ў 2015 годзе. Але кажа, што не нахілілася б і па пяць тысячаў, бо прымхлівая. Ды і што цяпер “пяцёрка” — гэта талончык у адзін канец і ўсё. А 50 рублёў — гэта ўжо не грошы, і правільна, што іх з абароту прыбіраюць.
“Мне здаецца, мала хто і па пяцёрку нахіліцца. Усюды мільёны, усюды сотні тысяч. Нават хлеба за гэтыя грошы ўжо не купіш”, — падлічвае Маша.
А вось Аляксандр кажа, што падняў бы 50 тысяч або 100 долараў, не менш. Ён параўноўвае 50 рублёў з капейкай у Савецкім Саюзе.
“Вы параўнайце, за Савецкім Саюзам пачак запалак каштаваў капейку. Цяпер пачак дзесьці 300-350 рублёў. Гэта тая ж савецкая “капейка”. А за саветамі не кожны па капейку нахіляўся. Толькі па пятак — такое было”.
Табліца: Колькі50-рублёвых банкнот пайшло на пакупку прадуктаў у 2000 і 2014 годзе?
2000 год |
2014 год |
Розніца |
|
Долар |
6 банкнот |
211 банкнот |
У 35 разоў |
Кефір |
1 -//- |
200 -//- |
200 -//- |
Малако, 1,5% |
1,38 -//- |
220 -//- |
159 -//- |
Рыс |
9,5 -//- |
220 -//- |
23 -//- |
Хлеб жытні |
1.56 -//- |
180 -//- |
115 -//- |
Мука |
2 -//- |
300 |
150 -//- |