Януковіч у Вільні: Я 3,5 года быў сам-насам з вельмі моцнай Расіяй (відэа)
Пра гэта кіраўнік Украіны заявіў у нефармальнай гутарцы з канцлеркай Нямеччыны і прэзідэнткай Літвы.
Ангела Меркель і Даля Грыбаўскайтэ пагутарылі з Віктарам Януковічам перад працоўным абедам з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў у Вільні.
Відэа нефармальнай размовы было апублікаванае ў Інтэрнэце, паведамляе УНІАН. На ім, у прыватнасці, відаць, што Грыбаўскайтэ кажа, што дагэтуль не вядома, ці ўсе дзяржавы падпішуць дамову пра асацыяцыю Украіна-ЕС. "Аднак калі б вы падпісалі...", — кажа кіраўніца Літвы. Далей словы не разабраць, але па тоне гутаркі можна зразумець, што яна спрабуе схіліць Януковіча да таго, каб ён падпісаў дакумент. На гэта прэзідэнт Украіны адказвае, што ўжо ёсць рашэнне ўрада.
Калі да гутаркі далучылася Меркель, Януковіч пачаў распавядаць ёй, што ў краіне "эканамічная сітуацыя вельмі складаная" і "ў нас вельмі вялікія пагрозы". "Я хацеў бы, каб вы мяне пачулі. Я тры з паловай гады адзін. У вельмі няроўных умовах з вельмі моцнай Расіяй быў сам-насам", — сказаў украінскі лідар нямецкаму канцлеру.
Фота — Reuters