За рускі адказ на беларускі зварот пакаралі інжынера "Магілёўаблаўтатранса"
За дапушчанае парушэнне вядучы інжынер Аржанікаў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці — яму аб'явілі заўвагу.
Скаргу аб рускамоўным адказе на беларускамоўны зварот напісаў у Магілёўскі аблвыканкам намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Барысаў.
Аблвыканкам адрэагаваў на скаргу і загадаў дырэктару "Магілёўаблаўтатрансу" прыцягнуць да адказнасці службовую асобу, якая парушыла парадак разгляду звароту і не выканала патрабаванне абзаца 1 артыкула 18 Закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".
Нагадаем, што Ігар Барысаў у сваім лісце на імя "Магілёўаблаўтатранса" прасіў прыбраць з лабавога шкла аўтобусаў расійскія сцяжкі. Аблаўтатранс у сваім рускамоўным адказе паінфармаваў, што ўсім кіроўцам загадана прыбраць сцяжкі. У выпадку, калі яны гэтага не зробяць, будуць прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.