Заходнія краіны заклікалі Мінск неадкладна спыніць гвалт супраць народа

Заходнія краіны заклікалі Мінск неадкладна спыніць гвалт супраць народа

Прадстаўніцтва ЕС ад імя дзяржаў-чальцоў, прадстаўленых у Мінску, а таксама амбасады Вялікабрытаніі, Швейцарыі і ЗША прынялі сумесную заяву наконт сітуацыі ў Беларусі. Нагодай для яе стала пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. 

"Мы асуджаем пашырэнне ўжывання гвалту і парушэння правоў чалавека і грамадзянскіх правоў у Беларусі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Колькасць затрыманняў мірных дэманстрантаў набліжаецца да 30 000. Колькасць палітычна матываваных крымінальных спраў набліжаецца да 900. Спіс палітычных зняволеных працягвае пашырацца і налічвае больш за 100 імёнаў. Няма ўказанняў на тое, што ўлады расследуюць тысячы заяваў пра жорсткасць з боку сілавых структур, пададзеных з сярэдзіны жніўня, або забойства пратэстоўцаў, у тым ліку зусім нядаўняе забойства Рамана Бандарэнкі", — адзначаецца ў заяве, размешчанай на афіцыйным сайце Еўрасаюза.

Па словах дыпламатаў, рэпрэсіі закранулі практычна ўсе прафесійныя ці сацыяльныя групы. Пры гэтым асабліва жорсткі ціск зазналі медыкі, акадэмічная супольнасць і СМІ.

Дыпламаты кажуць, што неаднаразова прасіліся наведаць палітвязняў, а таксама праверыць, у якіх умовах трымаюць затрыманых. Яны гавораць, што паступае інфармацыя пра жудасныя ўмовы ўтрымання і бесчалавечнае абыходжанне з затрыманымі. Але беларускія ўлады на гэтыя запыты адказваюць "выгнаннем і запалохваннем нашых калег".

Дыпламаты заклікаюць афіцыйны Мінск неадкладна спыніць гвалт над сваім народамі і вызваліць усіх несправядліва затрыманых. 

"Мы настойліва заклікаем улады выконваць і паважаць правы чалавека і фундаментальныя свабоды беларускага народа. Мы працягнем гучна і адкрыта рэагаваць на пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека. Не можа быць нармалізацыі стасункаў з рэжымам, які жорстка душыць свой уласны народ", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Пры гэтым дыпламаты выказваюць намер дапамагчы нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі, які дапаможа выйсці з крызісу і захаваць нашу краіну незалежнай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі