Жыхар Гомеля выпацкаў машыну суседа экскрэментамі і прабіў у ёй кола
Спушчанае кола, ілюстрацыйнае фота
Жыхар Гомеля стаў фігурантам крымінальнай справы аб хуліганстве — ён пракалоў кола і выпацкаў машыну суседа. Канфлікт паміж мужчынамі пачаўся паўгода таму, піша рэсурс "Белка" са спасылкай на пракуратуру Гомеля. Аднаму з мужчын не падабалася, што іншы паркуе свой Ford перад яго домам, хоць сам жыве ў іншым. І там таксама ёсць парковачныя месцы.
Калі ў сакавіку незадаволены гамяльчук зноў убачыў чужы Ford, ён вырашыў дзейнічаць. З трох колаў ён спусціў паветра, а ў чацвёртым дрылём прасвідраваў дзіркі. Пасля гэтага ён вярнуўся ў сваю кватэру, выбраў з кацінага латка экскрэменты і запэцкаў імі акно, дзверы і ручку кіроўчай дзверы машыны.
"Асобу падазраванага ўстанавілі, калі гаспадар пацярпелага аўто ўспомніў леташнюю сварку. Жыхар дома прызнаўся ў хуліганстве, выказаў гатоўнасць аплаціць кошт рамонту кола", — распавялі ў пракуратуры. Расследаванне гэтай справы завершана. Матэрыялы перададзеныя ў суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.