24-гадовы беспрацоўны салігарчанін сабраў Mclaren f1
Сабекошт аўто — 5000 долараў.
24-гадовы жыхар Салігорска Даніла Цюфцін літаральна на каленцы сабраў рэпліку Mclaren f1. Цяпер аб'ява вісіць на барахолцы "Онлайнера". Хлопец прадае машыну за 39 тысяч долараў.
"Яна яшчэ не зарэгістраваная. Афіцыйна яна нідзе не лічыцца. Дакументаў на яе няма, бо машына самаробная", — агаломшвае салігарчанін Еўрарадыё. Хлопец кажа, што выдаткаваў на яе каля 5 тысяч долараў. У якасці донара Даніла выкарыстаў Peugeot 806. А вось кузаў адліваў сам.
"Пакуль сціплыя параметры, 130 коней, 2.0 аб'ём рухавіка — 2,0, бензінавая. Пакуль не ведаю, за колькі яна да сотні разганяецца, не было такіх выпрабаванняў. Яе яшчэ абшываць неабходна і дробныя дапрацоўкі", — кажа Даніла. У машыне пакуль няма кандыцыянера, шыбаў і іншых наваротаў, але кошт указаны з улікам поўнай зборкі.
Хлопец нават знайшоў, дзе можна машыну зарэгістраваць і аформіць усе дакументы.
Механік распавядае, што пакуль яму тэлефануюць знаёмыя, просяць апрабаваць машыну. Дарэчы, спачатку ў ідэю стварэння Mclaren f1 ніхто не верыў. А сам Даніла пакуль не ведае, як назваць першае самаробнае аўто. На сайце машына лічыцца як Lamborghini Diablo.
Дарэчы, да нядаўняга часу Даніла працаваў у Салігорскім інстытуце праблем рэсурсазберажэння, але цяпер гэтую працу кінуў і часова беспрацоўны. Калі справа пойдзе, будзе канструяваць машыны і далей.