Аб’ём замежных інвестыцый у беларускую эканоміку знізіўся на траціну
Асноўнымі інвестарамі па-ранейшаму застаюцца расіяне.
За першае паўгоддзе 2015 года замежныя інвестары ўклалі ў рэальны сектар эканомікі 5,7 мільярда долараў. Гэта на 31,2% меней, чым за першае паўгоддзе мінулага года, паведамляюць naviny.by са спасылкай на Белстат.
Асноўнымі інвестарамі былі расіяне, на долю якіх прыпала 39,5% усіх укладанняў. Злучанае Каралеўства ўклала ў гэты перыяд 21% ад усіх замежных інвестыцый, Нідэрланды — 11,7%, Кіпр — 8,7%, Аўстрыя — 3,8%.
Найбольшыя сумы замежныя інвестары ўклалі ў арганізацыі Мінска (74,8%). На Гомельскую вобласць прыпала 7,8% валавога паступлення замежных інвестыцый, на Мінскую — 7,1%, Віцебскую — 5%.
Фота: regioninvest.gov.by