Актывістаў, затрыманых за раздачу беларускіх стужак, адпусцілі
Удзельнікі акцыі, у часе якой адбывалася раздача стужак з нацыянальным арнаментам, трапілі ў пастарунак прыкладна апоўдні ў суботу.
Ля Камароўскага рынку ў Мінску затрымалі грамадскага актывіста Франака Вячорку, дырэктара “Арт-Сядзібы” Паўла Белавуса, а таксама фотакарэспандэнта Уладзя Грыдзіна. Вакол іх сабралася занадта шмат людзей. Міліцыянты сказалі, што ім патэлефанавалі і паведамілі, нібыта праводзіцца акцыя.
У аддзяленні міліцыі Савецкага РУУС у затрыманых узялі тлумачэнні, пасля чаго адпусцілі. Пратаколы на іх не складалі. Каля 30 стужак з беларускім арнаментам засталіся ў міліцыі.
Як паведаміў БелаПАН Франак Вячорка, акцыя з раздачай стужак праводзіцца сёння ў 20 пунктах сталіцы. Ён падкрэсліў, што гэта не палітычная, а культурная акцыя. Яе мэта — нагадаць беларусам пра аўтэнтычныя сімвалы арнаменту.
Фота: Твітэр