Алесь Міхалевіч: Баўмгертнер з’яўляецца палітычным вязнем

Тэкст ліста, які напісаны ў суаўтарстве са старшынёй арганізацыі “Наш дом” Вольгай Карач і каардынатарам грамадскага руху “Трэці шлях” Паўлам Марозавым, размешчаны на сайце “Нашага дома”.



“Мы патрабуем ад Аляксандра Лукашэнкі неадкладна вызваліць Уладзіслава Баўмгертнера (на здымку), а таксама ўсіх палітвязняў, усіх вязняў, несправядліва асуджаных і тых, што сядзяць у беларускіх турмах за эканамічныя злачынствы па сфабрыкаваных крымінальных справах. Мы — за прававую дзяржаву для ўсіх, без выключэнняў. Заклікаем расійскую грамадскасць, калег і сям'ю Уладзіслава Баўмгертнера у сваю чаргу падтрымаць нашы патрабаванні”, — гаворыцца ў лісце.



У размове з Еўрарадыё Алесь Міхалевіч пацвердзіў сур’ёзнасць намераў аўтараў звароту:


“Абсалютна відавочна, што Уладзіслаў Баўмгертнер з’яўляецца палітычным закладнікам. І што яго проста пасадзілі для таго, каб ім гандляваць. У пэўным сэнсе гэта нагадвае беларускіх палітвязняў. Мы выступілі з адкрытай заявай, каб паказаць, што ў Беларусі парушаюцца розныя правы. І для нас любыя парушэнні правоў чалавека — дрэнна”.



Нагадаем, што кіраўніка "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі 26 жніўня ў мінскім аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі заявіў, што гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Баўмгертнер знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.

Фота — ИТАР-ТАСС, svaboda,org
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі