Альфер: Ніякай выбарчай кампаніі не было ні цяпер, ні на папярэдніх выбарах

Сёлетнія мясцовыя выбары амаль не адрозніваюцца ад такіх жа выбараў чатырохгадовай даўніны. Нягледзячы на тое, што выбарчае заканадаўства было ў чарговы раз змененае напярэдадні гэтай кампаніі. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае эксперт ў выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер.

Калі што і адчулася, разважае эксперт, то толькі забарона кандыдатам заклікаць людзей не хадзіць на выбары. Усё ж астатняе…

Сяргей Альфер: “Амаль немагчыма было ўбачыць кандыдатаў, ніякай выбарчай кампаніі, нічога даведацца пра кандыдатаў немагчыма. Апроч, як з тых улётак, што вывесілі пэўныя кандыдаты, альбо з агульных улётак са звесткамі пра кандыдатаў, якія падрыхтавалі да выбараў. Карацей – абсалютна адзін да аднаго, як і раней”.

І прычына тут не ў тым, што цяпер кандыдатам не даюць дзяржаўныя грошы на друк сваіх інфармацыйных матэрыялаў – іх аддалі выбарчым камісіям на выраб агульных інфармацыйных улётак.

Сяргей Альфер: “Кандыдат, які б хацеў выдаць, то знайсці 1 ці 2 мільёны рублёў на гэта – не вялікая праблема і іх заўсёды можна было б знайсці. Так што, я не бачу ніякіх істотных зменаў у гэтай выбарчай кампаніі з-за унесеных зменаў у выбарчае заканадаўства”.

Праўда, эксперт звяртае ўвагу Еўрарадыё на “спецыфічнае” стаўленне да пікетаў падчас агітацыйнай кампаніі.

Сяргей Альфер: “Сілавыя органы, міліцыя вельмі спецыфічна ставіліся да дазволеных сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі і каму хацелі – дазвалялі, а каму хацелі – не дазвалялі. Казалі, што гэта – масавае мерапрыемства”.

Але гэта, сцвярджае Сяргей Альфер, залежыць не ад зменаў выбарчага заканадаўства, а ад зменаў, унесеных раней ў закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Сёння, кажа, нават калі адзін чалавек і маўчыць – гэта ўжо можа быць названае міліцыяй “масавае мерапрыемства”. Але калі параўноўваць “забарончыя” дзеянні міліцыі сёлета з тым, як яны дзейнічалі ў 2010 годзе, то розніцы вялікай не бачна.

Сяргей Альфер: “Калі палічыць агульную колькасць такіх рэпрэсіўных захадаў падчас агітацыйнай кампаніі, то мне здаецца, што і чатыры гады таму іх было не на шмат менш”.

Абвінавачванні, што змены з выбарчае заканадаўства абмяжоўваюць магчымасці кандыдатаў у дэпутаты і выбаршчыкаў, абураюць сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка. Маўляў, ніякага ціску з боку ўладаў няма.

Мікалай Лазавік: “Страшэнны ціск з боку ўлады” – гэта такі штамп, які, нават не задумваючыся, былі парушэнні ці не, ставіцца на любыя дзеянні ўладаў. Нават, калі скіраваныя на паляпшэнне ўмоў для правядзення агітацыі. А там не выдзяляюць апазіцыйных і праўладных кандыдатаў – робіцца ўсё для усіх”.

Магчыма, кажа Сяргей Альфер, калі б выбары былі больш цікавыя для выбаршчыкаў і кандыдатаў, калі б была больш вострая барацьба за мандаты, то змены выбарчага заканадаўства выявіліся б больш выразна. Але гэтая кампанія па выбарах мясцовых дэпутатаў значных адрозненняў ад кампаніі папярэдняй не мела.

Фота: Змітра Лукашука, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі