Аляксандр Кулінковіч: Начныя ваўкі — гэта партыя на матацыклах

Лідар гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч, які шмат разоў выступаў на розных байк-фэстах, на сваёй старонцы ў ФБ выказаўся пра мотапрабег Масква-Берлін, арганізаваны расійскім байкерскім клубам “Начныя ваўкі”.

“Байкеры для мяне — гіпервольныя людзі. Я граў для іх неаднаразова, і, спадзяюся, яшчэ буду. Начныя ваўкі — гэта партыя на матацыклах. Калі ты байкер, жыві поўнымі грудзьмі! Я іх бачыў. Сапраўдных байкераў. Вясёлыя, часам п'яныя, але заўсёды сумленныя. Колькі разоў мы гралі для гэтых людзей! І ніякай партыйнай прыналежнасці…

Так, каюся, мы гралі і для Начных ваўкоў, і ў пафасным клубе “Sexton” шмат разоў. Але для людзей, і дзеля людзей, а не для партыйнасці. Цяпер яны едуць па гарадах і вёсках. У гонар Перамогі! У гонар Перамогі яны б лепш дапамаглі пакінутым у жывых. А гэтыя хлопцы, вельмі і вельмі не бедныя людзі. Ведаю дакладна. У гонар Перамогі маглі б падарыць кожнаму ветэрану па віле на Канарах. Мільянер на матацыкле. І не толькі “Хірург”. Але, гэта акцыя. Маторы равуць, бабло капае. У гонар якой Перамогі? Рускіх над немцамі? Як мы ўсе ўжо ведаем, ваявалі толькі рускія, і перамаглі толькі немцаў.

А вось як немцам? Па іх вуліцах грукоча канвой са сцягамі і іншай мішурой. Мы вас перамаглі!! Мы рускія! Як вы думаеце, калі б японцы вырашылі зрабіць штосьці падобнае. Ну, напрыклад, велапрабег у гонар 110-годдзя Цусімскай бітвы? Дзе расейцы прайгралі. Бачыце, які я карэктны. Рускія не могуць прайграць. Так што, далі б ім візы? Можа быць і далі б, каб іх сустрэлі малойчыкі з бітамі. Чыста паказальна. Не думаю, што нават чэмпіёны па адзінаборствах далёка б праехалі. Так жа Перамога!!! Мы ж проста па стопах… Проста памяць аб Цусімскай бітве…

…Не трэба мне гэтых маршаў. Наеўся. Тармазні, выпі, паплач, павініся, успомні. Блін, гэта ж дзень радасці, радасці перамогі дабра над злом, і гэта дзень скрухі пра тых, хто сышоў. Гэта не дзень пафасу і ўсякай недарэчнай фігні. Знайдзі ветэрана, не пераапранутага, сапраўднага. Іх ёсць яшчэ, трохі. Напішы ліст ЧАЛАВЕКУ, які выратаваў, які дапамог, які баяўся, але змог. Скажы дзякуй. Пагуглі, знойдзеш каму сказаць дзякуй. Не ўсё ж сіські шукаць. Скажы яму дзякуй. Ён не асцярог цябе ад немцаў, ён асцярог цябе ад бездані.

P.S. Мая бабуля, калі не хлусіла, казала, што мой дзед - гэта салдат Вермахта. А яе муж партызан. Цвёрдая была жанчына, нават жорсткая. А яшчэ яна ратавала габрэяў, шмат чалавек. Бабуля мая, антысемітка побытавая. “Набрала жыдочкаў, схавала, як магла, і вяду, баюся каб не забілі, а што рабіць, неяк трэба ж?”. Праведнік свету. Куды мне на парад?”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі