Археолагі знайшлі ўнікальны 500-гадовы рыцарскі даспех ВКЛ (відэа)
Раскопкі праходзілі ў Віхры пад Мсціслаўем.
Каштоўны артэфакт даставалі на працягу трох сутак з дапамогай вадалазаў.
Як паведамляе БЕЛТА, даспех захаваўся ў выдатным стане. Такога шлема няма ў музеях Беларусі і на ўсёй постсавецкай прасторы, а ў Еўропе захавалася толькі некалькі дзясяткаў. У выдатным стане знаходзіцца і стальны панцыр. Былі знойдзеныя элементы льняной і скураной вопраткі. Знаходкамі зоймуцца рэстаўратары.
Мяркуецца, што рыцарскім даспехам валодаў заможны чалавек, які, верагодна, загінуў падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай у пачатку XVI стагоддзя.