Аўтамабілісты збіраюць подпісы супраць падатку на аўто
Пошліна за выдачу допуску на ўдзел у дарожным руху ўсталёўваецца праектам закону, які зараз разглядаецца ў парламенце.
Мяркуецца, што яе будуць спаганяць ужо з 1 студзеня 2014 года. На пляцоўцы www.change.org па стане на вечар 14 снежня, супраць увядзення дзяржпошліны выказаліся ўжо болей за 12,5 тысяч чалавек. Подпісы ставяць пад лістом міністру фінансаў Андрэю Харкаўцу, інфармуе БелаПАН.
У звароце гаворыцца: “У сувязі з тым, што ў акцыз кошту паліва ўжо закладзеная сума адлічэнняў на рамонт дарог, лічым увядзенне новай пошліны немэтазгоднай. Гэты праект не ўлічвае той факт, што некаторыя аўтамабілісты выкарыстоўваюць транспарт у рэдкіх, выключных выпадках, што прыроўнівае іх да тых, хто выкарыстоўвае аўтатранспарт пастаянна, а таксама ў камерцыйных мэтах. Таксама гэты законапраект не ўлічвае той факт, што пры набыцці аўтатранспарту, пры праходжанні ТА, давядзецца зноў уплочваць пошліну, нягледзячы на тое, што папярэдні ўладальнік яе ўжо аплаціў.
Дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху для большасці беларусаў можа скласці ад 3 да 10 базавых велічыняў (цяпер адна базавая велічыня складае 130 тысяч рублёў). Памер дзяржпошліны будзе залежаць ад дазволенай максімальнай масы транспартнага сродку, а таксама ад таго, хто з’яўляецца ўладальнікам.