Байкі выбараў: “Глядзіць на фота Калякіна: "За Парашэнку подпісы збіраеце?"

“Падышоў дзядзька, доўга ўглядаўся ў партрэт Сяргея Калякіна, а потым пытаецца: “А што гэта вы ў Беларусі збіраеце подпісы за Пятра Парашэнку? Хай ва Украіне сваёй збірае!” 

Гэтую гісторыю распавядае Зміцер Яненка, сябра ініцыятыўнай групы лідара партыі левых “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна. Кажа, смешныя дыялогі з людзьмі здараюцца пастаянна. 

На невялікім кавалку праспекта Незалежнасці ад ГУМа да ўніверсама “Цэнтральны” ў 11 гадзін пятнічнай раніцы ўжо стаіць 7 пікетаў: 2 за Таццяну Караткевіч, 2 за Аляксандра Лукашэнку, 2 за Віктара Цярэшчанку, 1 за Сяргея Гайдукевіча і 1 за Сяргея Калякіна.

За дзейнага кіраўніка краіны подпісы збіраюць сябры Камуністычнай партыі Беларусі. Пад “сярпаста-малаткастым” чырвоным сцягам, у чырвоных камізэльках і кепках.

Каб завязаць размову, распавядаю гісторыю, як Калякіна з Парашэнкам паблыталі. Але тут пытанню пра смешныя гісторыі-дыялогі з людзьмі нават здзіўляюцца. Прычым на абодвух “прэзідэнцкіх” пікетах.

“У нас такога няма! Усе жывуць у Беларусі, усе выдатна ўсё ведаюць і разумеюць. Таму мэтанакіравана і сур’ёзна народ падыходзіць”.

Так, відаць, жартаваць з кіраўніком краіны і сапраўднымі камуністамі ні ў каго жадання не ўзнікае. “А можа, нехта набраўся смеласці і выказаўся ў стылі: “Ды колькі яму ўжо можна?” ”. “Пакуль прамінула нас, пакуль такога не было”, — адказваюць. Добра, што не хрысцяцца!

Не могуць прыгадаць хаця б адной смешнай сітуацыі і на пікеце за лідара ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча. Маўляў, “пераблытаць яго з якім Парашэнкам ці Барозу людзі не могуць, бо чалавек вядомы – чацвёрты раз у прэзідэнты балаціруецца!”. 


У сур’ёзнага мужчыны, які збірае подпісы за не менш сур’ёзнага эканаміста Віктара Цярэшчанку, такое ж сёр’ёзнае разуменне смешнага:

“У асноўным бабулі выклікаюць усмешку, якія кажуць, што мы не ведаем нікога, апроч аднаго кандыдата”, — распавядае зборшчык Цярэшчанкі без прыкметы ўсмешкі на твары.

Можа, хаця б на пікетах Таццяны Караткевіч нешта вясёлае адбываецца? 

“Падышоў мужчына, — распавядае дзяўчына з бел-чырвона-белым сцягам на плячах, — доўга вывучаў наш стэнд, а потым пытаецца: “Ці не збіраецца Таццяна Караткевіч пасля таго, як стане прэзідэнтам, арганізоўваць Майдан?” Як вам такое? Здаецца ж, прэзідэнты не арганізоўваюць Майдан!”

Яе калега, з іншага пікета за Караткевіч, прызнаецца: у яго ўсмешку выклікаюць жанчыны, якія пачынаюць даказваць, што жанчыне ў палітыцы рабіць няма чаго, а тым больш – на пасадзе прэзідэнта. Ну вось не жаночая, маўляў, гэта справа і ўсё!

Ну, а што яшчэ цікавага здарылася на пікеце “калякінцаў”? 

“Прыходзіў дзядзька з трыма вышэйшымі адукацыямі і казаў: “Нам у Беларусі патрэбны такі кандыдат — чорная жанчына! Каб ужо дакладна можна было нешта новае выбіраць”.

Ужо сыходзячы ад пікетоўцаў, раптоўна сустракаю “лятучы пікет” сяброў незарэгістраванай ініцыятыўнай групы ката Барсіка. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Васіль Сямашка вельмі сур’ёзна распавядае, што подпісы ў падтрымку вылучэння Барсіка яны толькі пачалі збіраць і нічога смешнага пакуль з імі не здарылася — кандыдат жа сур’ёзны. Але амаль адразу чую ад адной з жанчын, да якой падыходзяць “кашачыя зборшчыкі”: “Вы ж свайму кандыдату па вяртанні дамоў абавязкова валяр’янкі наліце — стрэс агітацыйны зняць!” Праўда, подпіс пакідаць за ката адмаўляецца. Ну а вось я падпісаўся.

Не сустрэў я ў гэтым паходзе пікетаў за лідара АГП Анатоля Лябедзьку. Тэлефаную самому прэтэндэнту на пасаду прэзідэнта, пытаюся пра вясёлыя выпадкі падчас збору подпісаў.

“Падпісваецца за маё вылучэнне жанчына і злосна кажа: “Ды я ўжо хоць за чорта лысага гатовая падпісацца!"… Побач стаяць два мужчыны і гавораць ёй у адказ: “Ну вам тады туды!” — і паказваюць на пікет Аляксандра Рыгоравіча”.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі