Беларусь — Украіна: "Іскандэры" замест "трактара міралюбнасці" Лукашэнкі

Вайна Беларусі з Украінай — пустаслоўе палітыкаў ці цалкам магчымы варыянт? / калаж Улада Рубанава
Вайна Беларусі з Украінай — пустаслоўе палітыкаў ці цалкам магчымы варыянт? / калаж Улада Рубанава

"Як мага хутчэй трэба спыніць гэтыя міжусобныя бойкі, перастаць высвятляць адносіны са зброяй, глядзець з асцярогай адно на аднаго", — міралюбна казаў Аляксандр Лукашэнка ў 2017 годзе ў часе візіту ва Украіну. Згадаў ён тады і тое, што прыехаць у суседнюю краіну беларусы могуць толькі на трактары, каб дапамагчы "ўзараць зямлю".

А куды дзеўся "трактар міралюбнасці" ў 2021 годзе? Цяпер на беларуска-ўкраінскай мяжы ледзь не пахне бензінам расійскіх "Іскандэраў", якія, мяркуючы па цяперашняй антызаходняй рыторыцы Лукашэнкі, могуць хутка апынуцца ва ўмоўнай Гомельскай вобласці.

У тым, чым можа адгукнуцца беларускім уладам прызнанне Крыма, чыё войска — беларускае ці ўкраінскае — акажацца мацнейшым у гіпатэтычным супрацьстаянні, Еўрарадыё разбіралася разам з экспертамі.

 

"Прычына — страціў легітымнасць"

Ад жадання "спыніць бойкі" да цеснага ваеннага альянсу з Расіяй — чаму так радыкальна змянілася пазіцыя Лукашэнкі?

 Беларусь — Украина: “Искандеры” вместо “трактора миролюбия” Лукашенко

— Галоўная прычына ў тым, што Лукашэнка страціў легітымнасць пасля ўкрадзеных выбараў у Беларусі, — расказвае Еўрарадыё дырэктарка па даследаваннях міжнароднай бяспекі Еўрапейскай экспертнай асацыяцыі, экспертка iSANS Марыя Аўдзеева. — Для таго каб захаваць уладу, ён дамовіўся пра падтрымку з Пуціным. А Расія не зацікаўленая ў тым, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай. Яна зацікаўленая ў тым, каб кантраляваць вайсковую, інфармацыйную, эканамічную сферы. Таму цяпер Лукашэнка паступова прадае суверэнітэт Беларусі ў абмен на падтрымку Расіі.

 Беларусь — Украина: “Искандеры” вместо “трактора миролюбия” Лукашенко

— На жаль, Лукашэнка пасля жніўня 2020 года перастаў быць гібрыдным саюзнікам Украіны і стаў прамым выканаўцам волі Крамля, — перакананы дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Абсалютна відавочна, што ён грае тую ролю, якую Расія з шэрагу прычын сама граць не хоча. На мой погляд, адбываецца істотнае зніжэнне суб'ектнасці Беларусі праз заявы Лукашэнкі. Я думаю, што ў той жа час ён імкнецца даказаць Пуціну, што ён патрэбны яму менавіта як лідар незалежнай дзяржавы, а не як губернатар Беларускага краю, — лічыць эксперт.

"Беларускае войска можа аказацца такім, якім было войска Украіны ў 2014 годзе"

Лукашэнка таксама згадаў нейкія вайсковыя манеўры ў Польшчы, Латвіі, Літве і Украіне. Ці ёсць падмурак пад такімі заявамі?

— Устаноўлена, што на мяжы з Украінай цяпер сканцэнтраваная і праводзіць манеўры група расійскіх войскаў. Над тэрыторыяй Беларусі лётае расійская стратэгічная авіяцыя, праводзіліся вучэнні "Захад-2021", — нагадвае Марыя Аўдзеева. — Яшчэ Лукашэнка кажа, што ён запытае расійскія "Іскандэры" і паставіць іх на мяжы. Таксама Расія і Беларусь заадно з саюзнымі праграмамі падпісваюць агульную ваенную дактрыну. Фактычна тысячакіламетровая мяжа з Беларуссю становіцца мяжой Украіны з Расійскай Федэрацыяй.

Але Украіна не сябра НАТА, на нас не распаўсюджваецца пяты артыкул калектыўнай дамовы. Такой дамовы ў нас няма ні з адной з краін, ніхто не будзе ваяваць замест Украіны. Таму калі Расія стварае пагрозу непасрэднай вайсковай агрэсіі, то, вядома, асабліва ў святле заяваў Лукашэнкі і міграцыйнага крызісу, Украіна пачынае рыхтавацца, узмацняе паўночную мяжу і падводзіць туды, па-мойму, восем тысяч чалавек — і гэта супраць 115 тысяч расійскіх войскаў, якія стаяць у нас на ўсходняй мяжы. Гэта проста несупастаўныя лічбы.

 Беларусь — Украина: “Искандеры” вместо “трактора миролюбия” Лукашенко
Украіна з 2014 года ўцягнутая ва ўзброены канфлікт / instagram.com/patriot_donbasa

А ці зможа беларускае кіраўніцтва адважыцца на вайсковую інтэрвенцыю па просьбе "старэйшага брата"?

— Для таго каб ажыццявіць сілавое ўварванне, трэба праводзіць дэгуманізацыю праціўніка. Мне пакуль невядома, ці адбываюцца падобныя рэчы ў беларускім войску. Ці вымуштроўваюць беларускіх вайскоўцаў на тое, каб яны агрэсіўна паводзілі сябе ў дачыненні да Украіны? — пытаецца Яўген Магда. — Тут складана каментаваць, я не ваенны эксперт. Але я ведаю, што ўкраінскае войска больш шматлікае і яно ваюе восьмы год. Беларускае войска за гады незалежнасці Беларусі не ваявала. У выпадку канфлікту высокая рызыка таго, што на паверку беларускае войска можа аказацца такім, якім было войска Украіны ў 2014 годзе. Тады былі вялікія лічбы па колькасці, а па баяздольнасці былі немалыя пытанні.

Лукашэнка павінен разумець, што нават адзіны запуск умоўнага "Іскандэра" з тэрыторыі Беларусі будзе азначаць поўную страту яго [Лукашэнкі. — Еўрарадыё] знешнепалітычнай суб'ектнасці. Развязваць нейкую вайсковую рыторыку ў дачыненні да Украіны — мне здаецца, гэта недальнабачна. Гэта сведчыць пра непаслядоўнасць Лукашэнкі як палітыка.

— Ніхто не верыў, што Расія акупуе Крым. Ніхто не верыў, што ў 2014 годзе расійскія войскі будуць на Данбасе, — кажа Марыя Аўдзеева. — Але гэта здарылася. Таму цалкам выключаць такі варыянт нельга. Як варыянт, адным з магчымых трыгераў пачатку канфлікту можа быць правакацыя, створаная на тэрыторыі ДНР або ЛНР.

 Беларусь — Украина: “Искандеры” вместо “трактора миролюбия” Лукашенко
Будзе правакацыя ці не? / instagram.com/patriot_donbasa

Яшчэ Лукашэнка заявіў пра магчымасць размяшчэння ў Беларусі расійскай ядзернай зброі. Ці стане гэта пунктам невяртання ў адносінах з Украінай?

— Нават калі Лукашэнка паедзе ў Крым — ужо гэта павінна стаць пунктам невяртання, — мяркуе Яўген Магда. — Таму што наведванне акупаванай часткі дзяржавы — гэта непасрэдны выклік дружалюбным адносінам. Калі Лукашэнка ажыццявіць такі візіт, то ён павінен быць гатовы да таго, што дыпламатычныя адносіны будуць разарваныя.

Ці варта беларусам у выпадку страты дыпламатычных кантактаў чакаць вайсковай інтэрвенцыі з боку Украіны?

— Зміцер Кулеба [кіраўнік МЗС Украіны. — Еўрарадыё] ўжо заявіў, што Украіна не будзе стрымлівацца, калі Беларусь фактычна прызнае Крым расійскім, — працягвае эксперт. — Але ў ваенным плане нейкіх агрэсіўных заяў з Украіны адносна Беларусі няма і быць не можа. Гэта ні ў якай меры не ўваходзіць у нейкія ваенныя планы Украіны. Нам, прабачце, цалкам стае вайны з Расіяй. І не хочацца атрымліваць яшчэ тысячу кіламетраў недружалюбнай мяжы.

 

"Крым прызнаць — краінай-ізгоем стаць"

 Беларусь — Украина: “Искандеры” вместо “трактора миролюбия” Лукашенко
На думку эксперта, прызнанне Лукашэнкам Крыма расійскім — гэта пункт невяртання ў адносінах Беларусі і Украіны / instagram.com/patriot_donbasa

У інтэрв'ю прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву цяперашні беларускі кіраўнік выказаўся пра статус Крыма. Маўляў, ён і так быў расійскі, а пасля падзей 2014 стаў такім "дэ-юрэ".

Такія паводзіны відавочна не спрыяюць сяброўскім адносінам з Украінай. Чаму Лукашэнка так сябе паводзіць?

— Беларусь на экспарце ва Украіну зарабіла сотні мільёнаў долараў, — адказвае Яўген Магда. — І цяпер, калі Лукашэнка кажа пра тое, што ён дэ-юрэ і дэ-факта гатовы прызнаваць Крым расійскім, ён як бы кажа Кіеву: а што вы мне зробіце? Бо вы ў мяне купляеце бітум, электраэнергію. Ён як бы фанабэрыцца сваёй беспакаранасцю і дэманструе, што ён гатовы і далей дзейнічаць у гэтым фармаце.

Але я лічу, што Украіне па сілах — калі на гэта будзе палітычная воля — разарваць дыпламатычныя адносіны ў тым выпадку, калі Лукашэнка апынецца ў акупаваным Расіяй Крыме. На мой погляд, гэта адзіна магчымы крок Украіны ў кантэксце ўсіх заяў спадара Лукашэнкі ў апошнія месяцы.

Ці могуць словы пра прызнанне Крыма быць усяго толькі палітычным ветрам, які змяняецца ў залежнасці ад кан'юнктуры?

— Наколькі гэта не пустаслоўе — сказаць складана, таму што мы бачылі, што Лукашэнка часта мяняе рыторыку з дакладнасцю да наадварот, — каментуе Марыя Аўдзеева. — І часта яго словы не супадаюць з дзеяннямі. Апошнія паўгода ён увесь час чымсьці запалохвае ў тым ліку і Украіну, рэгулярна звяртаецца да тактыкі шантажу. Гаварыць дакладна пра тое, што ён паляціць у Крым, мы не можам, пакуль ён не прызямліцца ў аэрапорце Сімферопаля. Але адыграць назад такое абяцанне яму будзе вельмі праблематычна.

Калі ён распачне такія дзеянні [прызнанне Крыма. — Еўрарадыё], то ён ставіць сябе на адзін узровень з такімі непрызнанымі ўтварэннямі, як ДНР, ЛНР, акупаванай Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй. Фактычна ён зробіць Беларусь краінай-ізгоем, якая парушае ўсе нормы міжнароднага права, таму што ёсць рэзалюцыя ААН, якая прызнае незаконнай акупацыю Крыма Расіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі