Беларуская АЭС павінна быць таннай і эканамічнай

Першую беларускую атамную электрастанцыю пабудуюць на ўжо забруджанай у выніку Чарнобыльскай аварыі радыёнуклідамі тэрыторыі. Пляцоўкай пад будаўніцтва стане амаль нежылая вёска Красная Паляна ў 40 кіламетрах ад Магілёва. Да Мінску ад будучай АЭС — 210 кіламетраў.

Цяпер у Краснай Паляне жывуць два чалавекі — састарэлая пара. Па звестках, першы блок АЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2016-2017 гадах, другі — у 2020-м. Кошт станцыі складзе ад 3 да 4 мільярдаў долараў. Але да гэтага часу застаюцца нявызначанымі два пытанні: “Хто будзе будаваць беларускую АЭС?” і “Ці не змяніць месца будаўніцтва з Краснай Паляны на іншае?”

Днямі больш за 20 выкладчыкаў трох гродзенскіх універсітэтаў падпісалі зварот да ўладаў. Яны заклікаюць пабудаваць станцыю ў Гродзенскім раёне. Разлік такі: калі месца для яе выберуць на захадзе Беларусі, суседнія краіны не дазволяць, каб гэта была станцыя недасканалага ўзору.

Дырэктар Інстытута радыяцыйнай бяспекі, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Васіль Несцярэнка лічыць, што будаваць АЭС трэба ўвогуле за межамі краіны, у Смаленску.

Васіль Несцярэнка: “Кваліфікаваных кадраў ні для будаўніцтва, ні для эксплуатацыі ў нас не існуе; не вырашана пытанне, што рабіць з радыяцыйнымі адкідамі; куды падзець адпрацаваныя касеты. Хутчэй за ўсё, адпраўляць іх будзем у Расію. Таму неабходна будаваць станцыю на пляцоўцы Смаленскай АЭС. Ад яе ўсяго 400 кіламетраў, і энергію можна спакойна па лініях атрымліваць”.

Смаленская АЭС цяпер не эксплуатуецца. І там ужо ёсць не толькі ўсе неабходныя камунікацыі, а 4 пабудаваныя энергаблокі. Яе неабходна толькі дабудаваць. Узводзіць АЭС з нуля, на думку Васіля Несцярэнка, занадта дарагое для нашай краіны задавальненне. Акрамя таго, паліва для станцыі трэба купляць у тых вытворцаў, па чыім праекце яна будзе пабудавана і чый рэактар там будзе стаяць. З улікам гэтага і праблемы захоўвання радыяцыйных адкідаў выглядае на тое, што будаваць беларускую АЭС даручаць расіянам. Але тэндэр, кажа прафесар, трэба праводзіць усё адно.

Васіль Несцярэнка: “Тэндэр — заўсёды справа карысная з пункту гледжання Беларусі. Цалкам магчыма, што ўдасца дамовіцца, каб станцыю пабудавалі танней”.

Тое, што арыентавацца будуць у першую чаргу на кошт, пацвердзіў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Міхаіл Міхадзюк: “Тэндэр дастанецца таму, хто прапануе больш танны і эканамічны праэкт”.

Намеснік міністра сцвярджае: калі будзе праводзіцца тэндэр — яшчэ не вызначана. Як канчаткова не вызначана і месца будаўніцтва станцыі. Але альтэрнатывы атамнай энергетыцы ў міністэрстве не бачаць.

Актывіст грамадскага аб’яднання “Экадом” Андрэй Ганчароў спецыялізуецца на пытаннях уздзеяння радыяцыі на навакольнае асяроддзе. Што тычыцца правядзення тэндэра на будаўніцтва АЭС, ён упэўнены, што выбіраць будуць у першую чаргу з самых танных варыянтаў. І таму не важна, дзе станцыю пабудуюць, галоўнае, каб яе будаўніцтва знаходзілася пад самым жорсткім кантролем МАГАТЭ ды іншых міжнародных арганізацый. Эколаг сцвярджае – бяспечных атамных станцый не існуе.

Андрэй Ганчароў: “Бяспечная атамная станцыя — гэта міф, які стварыла атамнае лобі. У гэтай галіне абарачаюцца велічэзныя грошы. А ніякіх бяспечных АЭС не існуе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі