Беларускі дэпутат польскага Сейма даказаў, што не працаваў на спецслужбы
Такое рашэнне прыняў апеляцыйны суд у Беластоку.
Дэпутат польскага Сейма Яўген Чыквін у чарговы раз даказаў, што падчас існавання Польскай народнай рэспублікі не быў агентам спецслужбаў.
Як паведамляюць мясцовыя СМІ, іншай пазіцыі прытрымліваецца Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы, які падаў у суд апеляцыю на рашэнне Беластоцкага раённага суда. У лютым 2013 года раённы суд таксама прызнаў, што Чыквін не супрацоўнічаў са спецслужбамі.
Прадстаўнікі Інстытуту нацыянальнай памяці не выключаюць, што будуць падаваць пазоў па гэтай справе ў Вярхоўны суд. Яны спрабуюць даказаць, што Чыквін быў агентам службы бяспекі пад псеўданімамі "Ізыдор" і "Вільгельм".
Даказаць супрацоўніцтва Яўгена Чыквіна з камуністычнымі спецслужбамі спрабуюць ужо 20 гадоў, але беспаспяхова. Адзначым, што іншы вядомы прадстаўнік беларускай нацыянальнай меншасці з Беласточчыны Сакрат Яновіч у 2007 годзе прызнаўся, што ў 1958-1970 гадах працаваў на службу бяспекі. Сёлета Яновіча не стала.
Фота — gazeta.pl