Беларусы ў Варшаве згадалі пра ахвяраў сталінізму і нацызму (фота)
23 жніўня ў польскай сталіцы адзначылі Еўрапейскі дзень ушанавання памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.
Спачатку беларусамі былі ўскладзеныя кветкі да помніка ахвярам Катынскай трагедыі, пасля — да помніка ахвяраў сталінізму. Перад прысутнымі выступіў кіраўнік руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык. Акрамя гэтага беларусы зайшлі ў капліцу, каб паставіць свечкі за душы людзей, знішчаных таталітарнымі рэжымамі.
Еўрапейскі дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму адзначаецца 23 жніўня не выпадкова. У гэты дзень ў 1939 годзе адбылося падпісанне дамовы аб ненападзенні паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам, вынікам якой стаў падзел польскай дзяржавы.