Былы "алмазавец" Ігар Макар збіраецца рыхтаваць беларусаў у Літве

Заняткі па вайсковай падрыхтоўцы і Ігар Макар
Заняткі па вайсковай падрыхтоўцы і Ігар Макар

Былы "алмазавец" Ігар Макар, які ўжо працяглы час жыве за мяжой і з'яўляецца апазіцыйным дзеячом, у эфіры Еўрарадыё расказаў пра стварэнне новага беларускага вайскова-спартыўнага аб'яднання. Ён выступае за распрацоўку дэмакратычнымі сіламі плана і стратэгіі на выпадак увядзення ўладамі РБ беларускага войска ва Украіну і яго ўступлення ў вайну. На яго думку, мусіць быць створаны "аператыўны штаб з сілавікоў". І чакае, што гэта будзе зроблена з удзелам Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі. "Заўсёды гатовы абучыць людзей і сам стаць на абарону Беларусі ад знешняй агрэсіі", — кажа Макар.

Чаму новая арганізацыя? Ігар Макар не задаволены існуючымі ў замежжы беларускімі арганізацыямі. Яго арганізацыя будзе займацца "спецыяльна-тактычнай, медыцынскай і спартыўнай падрыхтоўкай". У прыватнасці, яе ўдзельнікаў навучаць, як абыходзіцца са зброяй. База для заняткаў ствараецца ў Літве.

Аб'яднанне будзе названае ў гонар экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, які знік у 1999 годзе — верагодна стаў ахвярай "эскадрона смерці".

Спецпадраздзяленне "Алмаз" існуе ў складзе МУС РБ. Макар пасля звальнення з яго працаваў у камандзе апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, а з 2006 года жыве ў Літве ў статусе палітычнага ўцекача. Некалькі гадоў таму ён публікаваў "злівы" аўдыязапісаў з кампраматам на кіраўнікоў сілавых органаў Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі