Былы кіраўнік гродзенскіх медыкаў асуджаны на 7,5 года калоніі
Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя Андрэй Стрыжак асуджаны на 7,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму (такі тэрмін і прасіў пракурор). Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару паўторна. У Стрыжака канфіскуюць усю маёмасць. На працягу пяці гадоў будзе дзейнічаць забарона займаць кіруючыя пасады. Такое рашэнне 15 лютага вынес суд Цэнтральнага раёна Мінска.
Па версіі следства, Стрыжак чатыры гады атрымліваў грошы ад бізнесменаў за пастаўкі медыцынскай тэхнікі ў лякарні і дыспансеры. "Дзякавалі" яму за своечасовы разлік за тавар. Агулам ён атрымаў некалькі дзясяткаў тысяч долараў. Андрэй Стрыжак прызнаў толькі частку хабараў.