Чаму трэнер зборнай Беларусі па боксе не мае права выводзіць байцоў у рынг
Да таго, як заняць пасаду ў Беларусі, узбекскі спецыяліст Уладзімір Шын пяць гадоў выкладаў у інстытуце і не трэніраваў.
Заўзятары бокса заўважылі, што падчас Чэмпіянату Еўропы новы галоўны трэнер баксёрскай зборнай не вывеў у рынг ніводнага байца. Узбекскі спецыяліст Уладзімір Шын, які ўзначаліў беларускую каманду ў студзені, назірае за спаборніцтвамі з трыбун.
“Ну, цяпер атрымалася так, што я трэнерскай работай апошнія пяць гадоў не займаўся. Выкладаў у інстытуце, ― патлумачыў сітуацыю Еўрарадыё Уладзімір Шын. ― Мяне запрасілі ў Беларусь на пачатку студзеня. А каб выводзіць зборныя каманды, секундзіраваць у рынгу, згодна з правіламі AIBA (Міжнароднай асацыяцыі аматарскага бокса), трэба мець так званыя зоркі. Дзве-тры — як мінімум. Мы падалі дакументы, каб атрымаць гэтыя зоркі. Для гэтага трэба здаваць экзамены. Мы выбралі патрэбныя экзамены (здаваць трэба было ў Расіі), але іх адмянілі. Таму не было магчымасці атрымаць гэтыя зоркі. Вось чаму ў дадзены момант я не маю права выводзіць каманду і секундзіраваць”.
Чаму беларускую зборную трэніруе спецыяліст з Узбекістана? Крыніца з адміністрацыі Чэмпіянату Еўропы па боксе патлумачыла, што на гэтую меру пайшлі, каб пагасіць у нашай камандзе канфлікты паміж трэнерамі: маладымі-прасунутымі і старой гвардыяй.
Уладзіміру Шыну ў Беларусі прапанавалі важкую зарплату (па некаторых зветсках, блізу пяці тысяч долараў; нашым трэнерам такое не сніцца) і знялі кватэру.
Сам Уладзімір Мікалаевіч з’яўляецца этнічным карэйцам. У часы СССР ён быў прызёрам чэмпіянату свету па боксе. Як трэнер, працаваў з такімі вядомымі баксёрамі, як Руслан Чагаеў і Алег Маскаеў, калі тыя выступалі па аматарскіх правілах. Як інстытуцкі выкладчык Уладзімір Шын мае статус кандыдата навук, прафесара.