Зборная Беларусі па боксе на хатнім чэмпіянаце Еўропы: срэбра і тры бронзы
Адзіны прадстаўнік нашай краіны Вазген Сафар’янц саступіў у фінале па пунктах
У Мінску завершылася кантынентальнае першынство па боксе. З аднаго боку, наша каманда выступіла ўдала. Маем тры бронзы (заваявалі Павел Кастрамін, Сяргей Новікаў і Віктар Зуеў) і срэбра (Вазген Сафар’янц). З іншага боку, спаборніцтвы пакінулі і сумны адбітак. Нават у Мінску ў спрэчных баях беларусам не аддавалі перамогі. Хатні фактар не спрацоўваў, а значыцца ― з намі міжнародныя спартовыя чыноўнікі асабліва не лічацца.
Без медаля застаўся адзін з лідэраў зборнай Сяргей Карнееў. Ён у роўным двубоі саступіў расіяніну Аляксею Ягораву. Хоць завядзёнка такая, што дома ў такіх паядынках руку павінны падымаць гаспадару спаборніцтваў. Ягораў, дарэчы, у фінале накаўтаваў азербайджанца Тэймура Мамадава.
Беларускі баксёр Вазген Сафар’янц у двубоі за золата паказаў шчыльны і годны бой, але зноў жа руку паднялі не яму.
Ужо зусім хутка, праз тры месяцы, адбудзецца чэмпіянат свету, дзе можна будзе аб’ектыўна ацаніць стан сучаснага беларускага бокса і разважаць, што нас можа чакаць на Алімпіядзе ў Бразіліі.
Вазген Сафар'янц супраць Паўла Ішчанкі ў фінале
Вазген не выглядаў на п'едэстале шчаслівым