Двое беларусаў не выйшлі ў рынг у паўфінале чэмпіяната Еўропы (ВІДЭА)

Фіналы мінскага чэмпіяната Еўропы па боксе адбудуцца ў суботу 8-га чэрвеня ў Палацы спорта. Беларусь прадставіць толькі Вазген Сафар’янц (60 кг). Хоць у паўфіналы прабіліся адразу чатыры беларусы.

Аднак з 40 еўрапейскіх байцоў, якія мусілі баксіраваць у 1/2 фіналу, двое не выйшлі ў рынг. І гэта беларусы.

Згодна афіцыйнай версіі, суперцяж Віктар Зуеў атрымаў траўму вока. Хоць падчас чвэрцьфінала гледачы не заўважылі такога крыміналу ні падчас двубоя, ні на ганку Палаца спорта, калі баец выйшаў пагутарыць са знаёмымі. Што праўда, Віктар Зуеў заўжды меў праблемы са зрокам, і тэарэтычна нават дробнага пашкоджання магло хапіць для непрыемнасцяў.

Сяргей Новікаў (81 кг), па словах галоўнага трэнера Уладзіміра Шына, не выйшаў з-за траўмы спіны. Хоць пасля чвэрцьфінальнага двубоя пра пашкоджанне Новікаў журналістам не распавядаў.

Адкрыццё чэмпіянату Еўропы Павел Кастрамін (69 кг) у паўфінале як мог супрацьстаяў байцу нямецкай зборнай Араіку Марацюняну, але прапусціў больш сілавых удараў, годна прайграўшы па пунктах.

Вазген Сафар’янц (60 кг) паказаў сапраўды тэхнічны і мудры двубой, перайграўшы венгра Міклаша Варгу. Прабіўся ў фінал.

Вазген пераехаў у Беларусь з Асеціі ў 2000-х. Але, гадамі выступаючы за беларускую зборную, заваяваў павагу і прыхільнасць аматараў бокса. І на гэтым чэмпіянаце ён прадэманстраваў па-сапраўднаму талковы падыход да справы. Спадзяемся і ў фінале ў нашага баксёра ўсё атрымаецца. Што тычыцца характару і прафесіяналізму, то большасці нашых байцоў, падобна на тое, варта павучыцца гэтым складнікам у Вазгена Сафар’янца.     

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі