Тры беларускія тайбаксёры не даехалі на чэмпіянат Еўропы ў Лісабон
Па словах трэнера, ім нясвоечасова выдалі візы.
У сераду, 24-га ліпеня, у Лісабоне пройдуць першыя баі чэмпіянату Еўропы па муай-тай. Беларусаў разглядалі як адну з самых моцных камандаў. Але страты наша зборная панесла яшчэ да пачатку турніру.
У Лісабон не даехаў шматразовы чэмпіён свету Аляксей Кудзін (+91 кг), дзейная чэмпіёнка Еўропы Людміла Чыслова (48 кг) і прызёр еўрапейскага першынства па кікбоксінгу Цімур Бураў (54 кг).
"У дзень, калі мы павінны былі забраць дакументы з амбасады, сутыкнуліся са складанасцямі, хоць усё падалі своечасова, — тлумачыць сітуацыю Юрый Булат, старшы трэнер зборнай. — У выніку байцам сказалі, што пашпарты выдадуць, калі чэмпіянат скончыцца. Іншым байцам, якія выехалі на спаборніцтвы, візы паставілі ў іншай амбасадзе".
Нягледзячы на сітуацыю, у Лісабон апроч Аляксея Кузіна выправіліся ўсе нашы сусветна вядомыя зоркі муай-тай — Гуркоў, Кулебін, Валент і Ганчаронак.