Медаліст чэмпіянату Еўропы па боксе: Я рыхтаваўся ў забаўляльных клубах!
Беларус Сяргей Новікаў стаў сенсацыяй турніру. Яшчэ месяц таму ён бавіў час на дыскатэцы, а ў зборную прабіўся за некалькі дзён да чэмпіянату.
Чацвёра беларускіх баксёраў выйшлі ў фінал хатняга Чэмпіянату Еўропы. Як мінімум, кожны атрымае бронзу, у ідэале ― пазмагаецца за золата. Для параўнання ― на мінулым кантынентальным першынстве быў толькі адзін медаль.
Галоўная сенсацыя мінскага Чэмпіянату Еўропы ― прарыў 23-гадовага беларуса Сяргея Новікава. Перад спаборніцтвамі гэты хлопец не быў нават майстрам спорту міжнароднага класа, не праходзіў праз поўны падрыхтоўчы цыкл. Але здолеў падчас спарынгу выбіць са складу зборнай алімпійца Міхаіла Даўгаляўца, а на самім чэмпіянаце прайсці моцнага ўкраінца і эфектна адолець у чвэрцьфінале харвата.
“Вы пытаецеся, як я рыхтаваўся да чэмпіянату? У мінскіх забаўляльных клубах, ― жартуе Сяргей, калі заходзім да яго ў распранальню пасля чвэрцьфінальнага двубою. ― Я сапраўды пачаў нармальна трэніравацца ўсяго за месяц да турніру. І да апошніх дзён не ведаў, ці траплю ў склад зборнай. Але вельмі хацелася. Бо жыву я сам, сродкаў на жыццё няшмат і трэба было развівацца, рухацца далей. Мой наступны сапернік ― моцны і дасведчаны расіянін. Паспрабую стварыць яму праблемы”.
Еўрарадыё: Гэта праўда, што вы ўсяго толькі майстар спорту па боксе, нават не міжнароднік?
Сяргей Новікаў: "Як ні дзіўна, гэта праўда. Раней мне не ўдавалася перамагаць на больш-менш сур’ёзных міжнародных стартах, нават на юніёрскіх. Відаць, быў няправільны падыход да згонкі вагі. Цяпер, як бачыце, многае змянілася".
Таксама ў паўфіналы з беларусаў прабіліся супервагавік Віктар Зуеў, Вазген Сафар’янц (60 кг) і яшчэ адно беларускае адкрыццё чэмпіянату Павел Кастрамін (69 кг).
Не абышлося на хатнім для беларусаў першынстве Еўропы і без прыкрасці. Адзін з лідараў зборнай, Сяргей Карнееў (91 кг), сустракаўся з расіянінам Аляксеем Ягоравым. Цягам двубою рускі баксёр агрэсіўна наступаў, ціснуў. А беларус, добра ведаючы манеру саперніка, прымаў удары па абароне і ўдала контратакаваў. Здавалася, што перамога за Карнеевым, тым больш, дома. Але суддзі аднагалосна зрабілі выбар…у іншы бок. Як стала вядома Еўрарадыё, наша дэлегацыя падала пратэст, які не прынёс станоўчага выніку. Тут, відаць, выявілася старая праблема, якая здорава сапсавала беларусам медальны план яшчэ на Алімпіядзе ў Лондане: дасведчаных спартовых юрыстаў, якія маглі б пастаяць за гонар нашых спартсменаў, ― няма.
“Калі глядзець на сітуацыю аб’ектыўна, двубой быў роўны, абодва паказалі высокі клас бокса. Паядынак стаў упрыгожваннем турніру. Аддаваць было магчыма і туды, і сюды, ― выказвае меркаванне Уладзімір Шын, галоўны трэнер зборнай Беларусі па боксе. ― Расіянін нанёс больш удараў, але ўдары Сяргея былі больш акцэнтаванымі, дакладнымі, больш істотнымі, яны глядзеліся. Было б больш справядліва і правільна, калі б перамогу аддалі Сяргею. Тым больш, з улікам таго, што чэмпіянат праходзіць у нас”.
Паўфінальныя двубоі адбудуцца ў пятніцу 7-га чэрвеня. Фінальныя ― у суботу 8-га. Вельмі спадзяемся, што беларусы пазмагаюцца і за залатыя ўзнагароды.
Уваходныя квіткі ў Палац спорту каштуюць усяго ад 55 да 85 тысяч рублёў.
Чвэрцьфінальны двубой Віктара Зуева
Чвэрцьфінальны двубой Вазгена Сафар'янца