Ці можна быць дэпутатам па сумяшчальніцтве? Яшчэ трое паспрабуюць
2 кастрычніка дэпутаты сабраліся на першае пасяджэнне восеньскай сесіі. У праграме дня 12 пытанняў: тры законапраекты ў першым чытанні, чатыры — у другім, пяць ратыфікацый розных пагадненняў і ў канцы спіса нейкае “кадравае пытанне”. Жартаўлівыя прагнозы журналістаў, што гэта будзе разгляд заявы Сяргея Румаса аб складанні з сябе паўномоцтваў прэм’ер-міністра, не спраўджваюцца. Але з пасад усё ж, як высвятляецца, здымалі: двух дэпутатаў — з пасад намеснікаў старшыні пастаяннай камісіі.
“Барадзеня Валерый Анатольевіч прызначаны першым прарэктарам Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі, Маркевіч Іван Станіслававіч — намеснікам старшыні Мінаблвыканкама, Рыбкавец Іван Рыгоравіч — намеснікам міністра транспарту і камунікацый, — кажа старшыня парламента Уладзімір Андрэйчанка. — Нашы калегі не будуць цяпер працаваць у Палаце прадстаўнікоў на прафесійнай падставе, але дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў яны застаюцца. І ў сувязі з гэтым ад Івана Маркевіча і Валерыя Барадзені паступілі заявы ад вызваленні іх ад пасад намеснікаў старшынь камісій”.
У выніку Маркевіча здымаюць з пасады намесніка старшыні камісіі па заканадаўстве, а Барадзеню — з пасады намесніка старшыні камісіі па бюджэце і фінансах. І прызначаюць на іх месца іншых людзей.
“Калі паступіла прапанова ад губернатара Мінскай вобласці, а кожная прапанова доўга асэнсоўваецца, над кожнай прапановай мы заўжды думаем, узважваем, я прыняў рашэнне, што буду карысны Мінскай губерніі”, — тлумачыць сваю згоду Іван Маркевіч.
Увогуле, пра менавіта “Мінскую губернію”, Іван Маркевіч паўтарыў некалькі разоў падчас сваёй “развітальнай” прамовы. Але развітальнай яна была сапраўды ў двукоссі, бо дэпутатамі ўсіх трох новапрызначаных пакінулі. Праўда, без дэпутацкага заробку, але тым не менш…
Наколькі гэта законна — сумяшчаць дзве пасады? Парламент у нас прафесійны, і калі чалавек становіцца дэпутатам, то звальняецца з папярэдняй працы. Каб уладкавацца на новую — дэпутатам у Палату прадстаўнікоў — і прафесійна выконваць свае абавязкі, атрымліваючы за гэта заробак.
Чытаем Закон “Аб статусе дэпутата”, і ў шостым артыкуле бачым, што дэпутат парламента не мае права: “Выконваць працу на ўмовах сумяшчальніцтва, акрамя працы ў дзяржаўных арганізацыях, у парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам аб працы. Займаць іншыя дзяржаўныя пасады, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, іншымі заканадаўчымі актамі”.
Парушэнне відавочнае, нават нягледзячы на тое, што атрымліваць заробак за дэпутацкую дзейнасць прызначаныя на дзяржаўныя пасады народныя абраннікі не будуць. Вось толькі ў парламенце даўно на гэта ўвагі не звяртаюць. Ну, ці па-свойму трактуюць нормы закона. Да прыкладу, дэпутат Вадзім Дзевятоўскі такім жа чынам “сумяшчае” дэпутацтва і працу на пасадзе старшыні Федэрацыі лёгкай атлетыкі. А дэпутат папярэдняга склікання Аляксандр Зазуля хоць і быў у кастрычніку 2013 года прызначаны старшынёй Кобрынскага райвыканкама, але да 2016 года заставаўся ў складзе дэпутатаў парламента.
Відаць, таму Уладзімір Андрэйчанка асабліва адзначыў, што працаваць у парламенце Барадзеня, Маркевіч і Рыбкавец будуць “не на прафесійнай падставе”. А называецца гэта, відаць, на грамадскіх пачатках…
Можа, варта было б скласці з сябе паўнамоцтвы дэпутата, цікаўлюся ў Івана Маркевіча. “Я падумаю над гэтым!” — адказвае дэпутат і намеснік “губернатара Мінскай губерніі” па сумяшчальніцтве.