Ці можна зарабіць на натальных картах? Гісторыя беларускі

Астрология Беларусь

Гісторыя ведычнага астролага / Shutterstock

— У мяне дзве адукацыі: інжынерная і эканамічная. І наогул, тэхнічны склад розуму. Усяму, што можна праверыць, я магу паверыць. Усё, што праверцы і навуцы не падлягае, я не разглядаю, — расказвае Еўрарадыё ведычны астролаг Анастасія (імя змененае).

Апошнія некалькі гадоў цікавасць да ведыйскай (ці індыйскай) астралогіі, якую вывучае нашая суразмоўніца, прыкметна вырасла. Пакуль адны людзі па-ранейшаму ставяцца да гэтай сістэмы ведаў скептычна, іншыя чытаюць натальныя карты, дапамагаюць сваім кліентам спазнаць сябе і знайсці адказы на цяжкія пытанні, за што атрымліваюць не толькі падзяку, але і грошы.

Звычайная лухта ці апора ў жыцці ў любой незразумелай сітуацыі? Бізнес ці падпрацоўка? Каму лепш наогул ніколі не лезці ў гэтую сферу?

Паспрабуем разабрацца на асабістым прыкладзе нашай суразмоўніцы.

 

Што такое ведыйская астралогія і чым яна прывабная

— Я пачала займацца ведыйскай астралогіяй, калі зразумела, што гэта працуе, — сцвярджае Анастасія.

Раней, як і большасць людзей, дзяўчына магла пацікавіцца, у каго які гараскоп, пажартаваць наконт несумяшчальнасці прадстаўнікоў тых ці іншых знакаў задыяку, дзеля цікаўнасці пачытаць прагноз на дзень.

— Такі падыход мне здаваўся проста забаўным, шмат увагі гэтаму я ніколі не надавала. Але потым некалькі незнаёмых адно з адным людзей расказалі мне пра ведыйскую астралогію, якая крыху інакш разглядае натальныя карты. Я зацікавілася і вырашыла паспрабаваць скласці сваю карту ў інтэрнэце.

Ведыйская астралогія (ці Дж'ёціш) — гэта сістэма ведаў, якая з'явілася тысячы гадоў таму. Яе карані знаходзяцца у Старажытнай Індыі. Астролагі запэўніваюць, што з дапамогай яе можна прааналізаваць мінулае, зазірнуць у будучыню і знайсці адказы на надзённыя пытанні.

Дж'ёціш абапіраецца на законы пераўвасаблення і кармы. Згодна з ёй, усё, што адбываецца ў жыцці чалавека, невыпадковае: тое, што чалавек рабіў у мінулым, уплывае на яго цяперашняе жыццё і будучыню.

У адрозненне ад заходняй, індыйская астралогія абапіраецца на становішча саміх зорак, то-бок на "нерухомы" задыяк. Складаючы натальную карту, спецыяліст пытае ў кліента не толькі дату яго нараджэння, але яшчэ час і месца.

 

Як праходзіць працэс навучання

Анастасія здзівілася, наколькі дакладным аказалася апісанне па яе натальнай карце. Паводле суразмоўніцы, яно было ясным і канкрэтным. Як цікаўны і ўедлівы чалавек дзяўчына вырашыла пайсці далей і вывучыць тэму як мага глыбей.  

— Спачатку я скончыла адну школу, потым пайшла ў іншую, дзе вучылася ўжо на больш сур'ёзным узроўні. Цяпер у мяне ў планах пайсці ў трэцюю школу, каб пашырыць свае веды ў прагностыцы.

Атрымаўшы адукацыю ў дзвюх школах, я ўжо магу трактаваць карты, вывучаць натальную карту чалавека, карту яго душы, бачыць яго кармічныя задачы і гэтак далей. У 90 са 100 выпадкаў чалавек кажа: "Усё менавіта так".

Как можно заработать на астрологии? История белоруски
Зоркі, якія гавораць праўду / unsplash.com
Как можно заработать на астрологии? История белоруски
Неба можна падсвятліць / unsplash.com

Каму нельга ісці ў астралогію

Чытаючы гэты матэрыял, слухачы Еўрарадыё могуць прыйсці да высновы, што, правучыўшыся год у анлайн-школе ў ведыйскага астролага, чалавек атрымлівае веды, якімі можна сабраць нядрэнны капітал. У дадатак, дзякуючы інтэрнэту, кансультаваць кліентаў можна з любога месца свету. Ну чым не праца мары?

— Людзям, не гатовым глыбока занурацца ў гэтую сістэму, не варта займацца астралогіяй, — кажа Анастасія. — За паўгода ў школе вы атрымаеце толькі павярхоўнае навучанне і, калі будзеце ўспрымаць сістэму толькі як спосаб узбагаціцца, можаце сур'ёзна нашкодзіць сваім кліентам.

Праца астролага — гэта праца з людзьмі. Калі вы не цікавіцеся псіхалогіяй і вам не ўласцівая эмпатыя, лепш не пачынайце. Пачаткоўцы часта робяць памылкі. Напрыклад, яны прачыталі па карце, што кліентка ніколі не выйдзе замуж, і ў лоб ёй гэта кажуць, а гэта ўсяго толькі імавернасць.

А яшчэ ў ведыйскай астралогіі ёсць правіла: калі ты свядома кажаш чалавеку няпраўду, ты можаш істотна сапсаваць сабе карму. Адказнасць астролага павінная ў некалькі разоў перавышаць любую іншую адказнасць.

 

Што будзе з Беларуссю і беларусамі?

Паводле суразмоўніцы Еўрарадыё, ні адно з сур'ёзных рашэнняў у Індыі не прымаецца без кансультацыі ў ведыйскага астролага. Больш за тое, там ёсць нават цэлае Міністэрства астралогіі.

А з якімі пытаннямі звяртаюцца да астролагаў беларусы?

— Як і раней, людзей цікавіць тэма адносін, дзяцей, бізнесу і самаразвіцця. Ну і, вядома, улічваючы наш няпросты час, кліенты часта звяртаюцца з экстраннымі пытаннямі. Напрыклад: "Ці варта з'язджаць з краіны?", "Ці бяспечна заставацца?", "Пасадзяць ці не?"

А ці можна даведацца, калі які-небудзь палітык пакіне сваю пасаду? Ці, напрыклад, скласці натальную карту асобнай дзяржавы і паглядзець, што там далей?

Паводле Анастасіі, з гэтым складана. Многія баязлівыя палітыкі наўмысна хаваюць час свайго нараджэння, а падчас складання карты ён мае вельмі вялікае значэнне. Што да будучыні краіны, то з гэтым яшчэ цяжэй — асабліва калі яе то дзялілі, то яна ўваходзіла ў нейкі саюз. Ёсць астролагі, якія спецыялізуюцца менавіта на гэтай тэме, але іх вельмі мала.

— Увогуле, вывучыўшы пытанне, я пераканалася, што ведыйская астралогія — гэта не нейкая там эзатэрыка, а сапраўды навука [астралогія не з'яўляецца навукай. — Еўрарадыё], — падсумоўвае спецыялістка. — І чым глыбей ты яе вывучаеш, тым больш пачынаеш разумець, як працуюць яе законы. Па натальных картах можна ўбачыць нават прыблізны час смерці чалавека. На шчасце, ніводнага з маіх кліентаў гэта не цікавіла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі