Ціханоўская прапанавала заснаваць стыпендыі для беларусаў у Ельскім універсітэце

Святлана Ціханоўская і Цімаці Снайдэр у Ельскім універсітэце

Святлана Ціханоўская і Цімаці Снайдэр у Ельскім універсітэце / twitter.com/Tsihanouskaya

Святлана Ціханоўская прапанавала стварыць у Ельскім універсітэце беларускі цэнтр і заснаваць стыпендыі для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў. Пра гэта піша рэсурс "Позірк" са спасылкай на яе галоўнага дарадцу Франка Вячорку.

Учора Ціханоўская выступіла перад студэнтамі і экспертамі гэтай ВНУ. Яна казала пра нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў, іх геапалітычны выбар, пагрозы сувэрэнітэту краіны, рэпрэсіі супраць культуры і мовы. Выступ называўся "Беларусь, Украіна і будучыня Еўропы". Мадэратарам сустрэчы быў прафесар Цімаці Снайдэр — вядомы гісторык, які спецыялізуецца на даследаванні краін Усходняй Еўропы. Святлана Ціханоўская прызналася, што для яе "было гонарам выступіць у Ельскім універсітэце побач з Цімаці Снайдэрам".

"Мы абмеркавалі гістарычную ролю Беларусі ў рэгіёне, яе еўрапейскія карані і будучыню ў Еўропе. Мне было прыемна бачыць на мерапрыемстве шмат беларусаў і ўкраінцаў. Разам мы пераможам!"напісала пазней Ціханоўская ў сацсетцы Х.

Сёння лідарка беларускіх дэмсілаў возьме ўдзел у слуханнях па Беларусі, якія арганізуе камітэт па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. А заўтра ў Вашынгтоне стартуе стратэгічны дыялог паміж ЗША і беларускім дэмакратычным рухам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі