Да 2020 года будзе прададзены кантрольны пакет акцый Белінвестбанка
Пра гэта дамовіліся віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка і першы віцэ-прэзідэнт ЕБРР Філіп Беннет.
Кантрольны пакет акцый Белінвестбанка будзе прададзены да 2020 года. Адпаведны мемарандум 13 траўня падпісалі віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка і першы віцэ-прэзідэнт ЕБРР Філіп Беннет. Гэта адбылося падчас штогадовага сходу кіраўнікоў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Тбілісі, інфармуе БЕЛТА.
ЕБРР гатовы даць беларускаму банку перадпрыватызацыйнае фінансаванне. Сродкі могуць быць вылучаныя ў форме інвестыцый, а таксама па лініі праграмы спрыяння гандлю і вылучэння крэдытаў для развіцця малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
Уладзімір Сямашка выказаў надзею, што гэта паспрыяе пашырэнню аперацый ЕБРР у дзяржаўным сектары Беларусі.
Нагадаем, што Белінвестбанк з'яўляецца ўпаўнаважаным банкам па абслугоўванні дзяржаўных праграм, ён акумулюе дзяржаўныя інвестыцыі.
Фота — infobank.by