Да старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў СІЗА КДБ не пусцілі адваката
Да старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога трымаюць у следчым ізалятары КДБ, не пусцілі адваката. Прычынаў нядопуску не назвалі.
Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" паведаміў зяць палітыка Зміцер Антончык. Па яго словах, адвакату паабяцалі паведаміць, калі сустрэча з кліентам зможа адбыцца.
Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка і завезлі ў Мінску, у СІЗА КДБ. Яго зяця на наступны дзень таксама затрымалі на некалькі гадзін і правялі ператрус на лецішчы. Са словаў сілавікоў Антончык зразумеў, што Кастусёва падазраюць у дзеяннях, скіраваных на захоп улады.
13 красавіка КДБ заявіў, што Рыгора Кастусёва і Аляксандра Фядуту затрымалі "ў рамках расследавання пачатай крымінальнай справы паводле артыкула 108 КПК Рэспублікі Беларусь па непасрэдным падазрэнні ў здзяйсненні злачынства". Якое гэта злачынства, прэс-служба КДБ не ўдакладніла.
Дарэчы, Фядута быў затрыманы ў Маскве. Тамсама 11 красавіка затрымалі юрыста Юрася Зянковіча, які мае грамадзянствы Беларусі і ЗША. Па словах яго жонкі, ён цяпер у СІЗА КДБ, як і Кастусёў з Фядутам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.