ДАІ расказала, пры якіх умовах выканае распараджэнне Лукашэнкі

ДАІ расказала, пры якіх умовах выканае распараджэнне Лукашэнкі

Павялічыць дазволеную хуткасць на Мінскай кальцавой аўтадарозе можна толькі пры выкананні пэўных умоваў. Пра гэта заявіў начальнік УДАІ МУС Дзмітрый Карзюк. Гэтая тэма абмяркоўвалася 27 снежня на пасяджэнні Пастаяннай камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры Савеце міністраў.

Карзюк заявіў, што ДАІ гатовая "разгледзець матываваныя прапановы ўладальнікаў дарог па павышэнні хуткасных рэжымаў", у тым ліку на МКАД. Ён адзначыў, што асноўнай пагрозай бяспекі дарожнага руху на гэтай дарозе з'яўляюцца наступствы інцыдэнтаў, якія адбываюцца на ёй, перашкоды для руху, і якія ўзнікаюць у сувязі з гэтымі здарэннямі.

"Далейшае павелічэнне хуткаснага рэжыму на МКАД магчыма пры рэалізацыі праектаў па стварэнні сістэмы кантролю інцыдэнтаў і маршрутнага арыентавання, а таксама сістэмы кіравання грузавым рухам", — перадае БЕЛТА тлумачэнні Карзюка.

Яшчэ адной умовай ён назваў кампенсацыйныя мерапрыемствы па мінімізацыі канфліктных сітуацый. Маюцца на ўвазе ўладкаванне пераходна-хуткасных палос, мадэрнізацыя участкаў у зонах перапляцення транспартных плыняў, устаноўка агароджаў, якія перашкаджаюць выхаду пешаходаў на праезную частку.

Пасля пасяджэння Карзюк паведаміў журналістам, што хуткасны рэжым на МКАД прааналізуюць дадаткова. У выходныя гэтым зоймуцца спецыялісты ДАІ, Мінтранса і Мінгарвыканкама. На думку начальніка ДАІ, для павышэння хуткасці на МКАД неабходная больш сур'ёзная інфраструктура, каб гарантаваць бяспеку.

Павысіць дазволеную хуткасць на МКАД 16 снежня запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён згадаў, што даваў такое даручэнне ў 2014 годзе. Але яно, маўляў, дагэтуль выкананае толькі часткова — на тых участках, па якіх ездзіць сам кіраўнік дзяржавы. 

"Там, дзе я перамяшчаюся, выканана, і хуткасць руху была павялічана як след, і гэтак далей. Там, дзе нібыта радзей бываю на кальцавой дарозе, усё так і засталося. Знайдзіце вінаватых і звольніце з займаных пасадаў", — запатрабаваў Лукашэнка ў экс-кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі