Дэпутат: Крымінальны факт з жыцця кандыдат можа выкарыстаць сабе ў плюс
Змены ў выбарчае заканадаўства дэпутаты разгледзяць 2 кастрычніка. Ці будзе прынята ўсё і аднагалосна, размаўляем з дэпутатам Аляксандрам Зазулем.
Еўрарадыё: Нечакана высветлілася, што законапраект прапануе забараніць выносіць на рэферэндум пытанні пошлін і збораў — навошта гэта забараняць?
Аляксандр Зазуля: Сапраўды, гэта прапанова ўносіцца. А як яна будзе прымацца — будзем глядзець. Рэферэндум, мне падаецца, гэта такая пазіцыя, дзе павінна быць значнасць агульнарэспубліканская. А пошліны — гэта тэхнічнае пытанне, якое ўрадам павінна вырашацца. Я прашу не блытаць з іншымі пошлінамі: размова зараз ідзе пра пошліны, якія скіраваныя на абарону свайго рынку.
Еўрарадыё: Гэтая забарона закранула б пошліну ў 100 долараў, якую прапаноўваў увесці Аляксандр Рыгоравіч?..
Аляксандр Зазуля: Ну, гэта, акурат, не пошліна. Дзякуй Богу, што ў гэтым пытанні паставілі ўсе кропкі над “і” і гэта… Па шчырасці, я прыхільнік таго, каб не саромецца і працаваць пошлінамі ўвазнымі. Калі хочам, каб працавала наша эканоміка, наш вытворца, мы павінны, як мінімум, абараніць сваю лёгкую прамысловасць. У нас яшчэ засталіся парасткі лёгкай прамысловасці, там нашы людзі працуюць, яны ўмеюць добра працаваць. Хай у нас энергарэсурсы крыху даражэйшыя — гэта ўсё нюансы, але мы павінны сфармаваць свой рынак так, каб наш вытворца быў, як мінімум, у роўных умовах.
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да прапановы, каб кандыдаты ў сваіх улётках абавязкова друкавалі звесткі пра судзімасць, пра тое, колькі і чым зарабляе на жыццё?
Аляксандр Зазуля: Пісаць трэба ўсё, што ў чалавека, у яго гісторыі ёсць. Калі чалавек нешта ўтойвае, то ён не шчыры перад выбаршчыкамі. Быў асуджаны — гэта ж не азначае, што абавязкова дрэнны чалавек. Мог аступіцца, але пасля можа стаць ідэальным чалавекам. Гэта я да чаго? Інфармацыя павінна быць у выбаршчыка паўнавартасная. А выбаршчык разбярэцца: выправіўся чалавек ці не, можа па памылцы ён — не выключана, на жаль, і такое, ці была нейкая замова, ці быў нейкі момант пэўны…
Мы калі з БДІПЧ АБСЕ размаўлялі, яны пыталіся: “А як інфармацыя пойдзе?” Ды мы яшчэ падумаць не паспеем, а інтэрнэт ужо поўніцца аналітыкай, нехта падтрымлівае, нехта — не. Сёння вельмі камунікабельнае жыццё, сёння нічога не схаваць. Дарэмна спадзяецца той, хто лічыць, што мы нешта сёння можам зрабіць таемна, сакрэтна — не зробім! Таму страшнага нічога ў гэтай прапанове няма. Ну, а далей: любую гісторыю са свайго жыцця можна выкарыстаць сабе ў плюс. Недзе сыграць на “незаконна пацярпелым”, ці — “на спачуванні”. Нехта ж адназначна ўспрыме гэты факт як плюс кандыдата!
Еўрарадыё: Вы лічыце, што гэта прапанова не скіраваная супраць лідараў апазіцыі, якія ў большасці маюць судзімасць?
Аляксандр Зазуля: Выбаршчык павінен мець інфармацыю поўную — гэта факт.
Еўрарадыё: Ці ёсць хоць нешта ў прапанаваным законапраекце, над чым вы хацелі б яшчэ падумаць, абмеркаваць, ці тое, супраць чаго заўтра выступіце катэгарычна?
Аляксандр Зазуля: Эмоцый, канешне, будзе шмат. Але я ўжо казаў, што тыя хлопцы, якія на гэту тэму любяць на эмоцыях пагаварыць, сёння не карыстаюцца нават тымі прэферэнцыямі, якія ёсць у дзеючым выбарчым заканадаўстве. На парламенцкіх выбарах была магчымасць у кандыдатаў ствараць выбарчыя фонды: я гэтым скарыстаўся, зрабіў на гэтыя грошы пікеты з песнямі, купіў дадатковае месца ў газетах і размясціў сваю праграму. А апазіцыйныя кандыдаты — ніхто не скарыстаўся. Толькі шмат крычалі.
Еўрарадыё: …і прапанову аб зніжэнні парога аддадзеных за кандыдата галасоў, і забарону байкоту вы падтрымаеце?
Аляксандр Зазуля: Адназначна. Чалавек сам вызначыць, ісці яму на выбары ці не. А калі ты заявіў пра ўдзел у выбарах, то трэба нягледзячы ні на што змагацца за тое месца. Хочаш выйграць выбары — працаваць трэба пачынаць не за два месяцы. Як гэта — байкот выбараў?! Агітуй за сябе — глядзіш, на 30-ы раз агітацыя спрацуе і людзі нарэшце скажуць: “Ну, давай усё ж паглядзім, што за дэпутат з яго атрымаецца!” Крытыкаваць лёгка, а вось рабіць працу — справа іншая. Апазіцыя сёння ў больш выгадных умовах, чым тыя, хто сёння ва ўрадзе. Тут трэба рабіць рэальныя крокі, прымаць рэальныя рашэнні, атрымліваць вынік ці памыляцца — працаваць нашмат складаней, а крытыкаваць лёгка, тут шмат розуму не трэба.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, эксперты БДІПЧ АБСЕ прымуць прапанаваныя змены ў выбарчае заканадаўства?
Аляксандр Зазуля: Ведаеце, я быў у Страсбургу, выступаў у Еўрапарламенце і ведаю пэўныя пазіцыі… Паверце, Рэспубліка Беларусь нашмат больш еўрапейская, дэмакратычная, чым шэраг удзельнікаў таго ж Еўрапарламенту! Нашаму заканадаўству я адназначна стаўлю “плюсік”. А што яны можа хацелі б і нешта там узяць і так, як яны бачаць, памяняць — я ж не ведаю, як яны паставяцца! Але апошняя мая сустрэча з экспертамі АБСЕ была вельмі пазітыўная, і яны пацвердзілі, што будуць да нашага заканадаўства падыходзіць без крытыканства, а з аналітыкай, падказкай. Узровень іх ацэнкі менш залежыць ад таго, якое тут у нас выбарчае заканадаўства — у іх больш глабальныя геапалітычныя падыходы.
Еўрарадыё: Усё ідзе да таго, што змены ў Выбарчы кодэкс прымуць адразу ў двух чытаннях?
Аляксандр Зазуля: Не, што вы! Камісія сёння адпрацавала законапраект у першым чытанні — мы гатовыя заўтра прымаць яго адразу ў другім чытанні, законапраект адпрацаваны на добрым узроўні. Але пасля першага чытання мы яшчэ тыдні два над ім папрацуем, паглядзім — можа, яшчэ нейкія пазіцыі дапрацуюцца. Бо былі заўвагі ад Савета Рэспублікі, паступалі прапановы ад дэпутатаў. Тыдні два-тры ў камісіі мяркуем над гэтым папрацаваць, але як там — загадваць не варта.
Фота: Змітра Лукашука