Дзякуючы "Мове Нанова" McDonald`s займеў беларускую версію сайта
Вядомы ва ўсім свеце рэстаран цяпер прапануе "ялавічыну" і "каву".
McDonald`s займеў беларускую версію сайта. Пра гэта паведамляе сайт бясплатных курсаў беларускай мовы “Мова Нанова”.
Ужо некалькі месяцаў на сайце "Мовы Нанова" працуе служба бясплатных перакладаў на беларускую мову "Хуткая моўная дапамога". Ёй ужо скарысталіся каля 40 фірмаў і прадпрымальнікаў, сярод іх — сетка аўтазаправак А-100, "Ахова птушак Бацькаўшчыны" ды іншыя.
Днямі сетка рэстаранаў "МакДональдс" запусціла беларускамоўную версію сайта, створаную ў межах "Хуткай моўнай дапамогі".
"МакДональдс" адгукнуўся афіцыйнай падзякай: “Кампанія МакДональдс у Беларусі выказвае падзяку камандзе перакладчыкаў-валанцёраў курсаў “Мова Нанова”, і найперш Семянькевіч Аксане, за пераклад раздзелаў сайта mcdonalds.by на беларускую мову. Дзякуючы руплівай працы перакладчыкаў “Мовы Нанова” наведвальнікі сайта цяпер могуць больш даведацца пра ўлюбёныя стравы і цікавосткі, а таксама замовіць дзень нараджэння дзяцей у рэстаранах МакДональдс па-беларуску”.
Нагадаем, курсы “Мова Нанова” на сённяшні дзень дзейнічаюць у 10 гарадах Беларусі, штотыдзень іх наведвае больш за 700 чалавек. Курсы заклікаюць іншыя фірмы і прадпрыемствы таксама зрабіць крок у бок беларускай мовы, скарыстаўшыся бясплатнай "Хуткай моўнай дапамогай".