Экс-прэм’ер Малдовы: Беларусь губляе час і перспектывы для сваіх грамадзян
Адразу пасля парафіравання дамовы аб асацыяцыі з ЕС былы прэм’ер-міністр Малдовы Улад Філат выказаў сваю пазіцыю наконт Беларусі.
Падчас саміту Усходняга партнёрства Малдова парафіравала дамову аб асацыяцыі з ЕС. Што губляе Беларусь, адмаўляючыся ад удзелу ў большасці праграм Усходняга партнёрства, пракаментаваў былы прэм’ер-міністр Малдовы Улад Філат у эксклюзіўным каментары Еўрарадыё.
Філат: “Найперш Беларусь губляе час і губляе перспектыву для сваіх грамадзян. Калі ж казаць пра матэрыяльныя страты… Вельмі важна таксама, каб грамадзяне Беларусі атрымлівалі тую дапамогу, якую Еўрасаюз можа даць і на інфраструктурныя праекты, і свабоднае перамяшчэнне таксама важна. Да прыкладу, для нас было важна забяспечыць сваіх грамадзян безвізавым рэжымам. Мы лічым, што свабоднае перасячэнне межаў — гэта не толькі магчымасць проста некуды паехаць і паглядзець. Гэта і культурныя абмены, і эканамічныя. Гэта ж вельмі важна!”
Нагадаю, 28 лістапада ў Еўрапарламенце і ў Еўрасавеце абмяркоўвалася ініцыятыва Еўракамісіі адмяніць шэнгенскія візы для тых грамадзян Малдовы, якія маюць біяметрычныя пашпарты.