Эксперт: Спачатку пачнецца абмен жэстамі паміж Мінскам і Вашынгтонам
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што пераменаў у адносінах з Захадам пасля вызвалення Бяляцкага не будзе.
У інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" ён адзначыў, што нават пасля вызвалення ўсіх, каго на Захадзе называюць “палітычнымі зняволенымі”, да Беларусі былі б усё новыя і новыя прэтэнзіі.
Палітолаг Юрый Чавусаў лічыць, што гэтае выказванне Макея арыентаванае на "ўнутраную аўдыторыю". Бо адносіны афіцыйнага Мінска з ЗША і ЕС апошнім часам сталі больш інтэнсіўнымі, а вызваленне Алеся Бяляцкага — гэта іх вынік, яно, як пасланне Захаду: мы гатовыя рабіць саступкі.
Вось што сказаў Чавусаў у каментары Еўрарадыё:
"Беларускі рэжым знайшоў для сябе спрыяльны момант, калі аднаўленне працэсу вызвалення палітвязняў прыносіць найбольшыя палітычныя дывідэнды. У дадзеным выпадку тлумачэнне Макея можна разумець так: мы знайшлі для сябе найбольш зручны і спрыяльны момант для таго, каб ізноў распачаць гандаль палітвязнямі, найбольш выгодны ў дадзенай канкрэтнай сітуацыі".
Паводле слоў Чавусава, для ўладаў Беларусі момант стаў "зручным" пасля падзеяў ва Украіне. І Беларусь працягвае спробы заняць зручнае месца лавіравання паміж Усходам і Захадам. Але перамоўны працэс будзе паступовым, адзначае Чавусаў:
"Беларусі, не сакрэт, патрэбныя крэдыты, фінансавая дапамога, ці хаця б рэструктурызацыя тых запазычанасцяў, якія цяпер ёсць".
Палітолаг адзначае, што "ключы для вырашэння гэтых праблемаў" знаходзяцца ў руках ЗША, а не ЕС. Спачатку будзе абмен жэстамі паміж Мінскам і Вашынгтонам, далей пачнуцца рэальныя крокі і саступкі, мяркуе Юрый Чавусаў.
Фота — bymedia.net