Еўрасаюз можа ўвесці супраць Расіі жорсткія санкцыі
Сёння збярэцца Камітэт пастаянных прадстаўнікоў ЕС.
ЕС патрабуе ад Расіі спыніць падтрымку сепаратыстаў, адвесці войскі ад мяжы з Украінай, выкарыстаць свой уплыў на баевікоў, каб забяспечыць правядзенне міжнароднага расследавання катастрофы "Боінга". Інакш для Расіі абмяжуюць выхад на еўрапейскі рынак капіталу, на рынак узбраенняў, будзе пашыраны "чорны спіс". ЕС разгледзіць магчымасць прылічэння да тэрарыстычных арганізацый структуры так званых "апалчэнцаў" у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны.
Учора канцлер Нямеччыны Ангела Меркель заклікала ўвесці супраць Расіі "значныя эканамічныя санкцыі" з-за сітуацыі ва Украіне. Паводле яе слоў, зрабіць гэта трэба "як мага хутчэй". Таксама гучаць прапановы адабраць у Расіі права на правядзенне чэмпіянату свету па футболе ў 2018 годзе. Магчыма, новыя санкцыі могуць быць уведзеныя яшчэ да канца ліпеня.
Расія заяўляе, што ў адказ на ўведзеныя супраць яе санкцыі не збіраецца караць ці абмяжоўваць сваіх замежных партнёраў.
Фота — Fotolia