Фільм беларускіх рэжысёраў атрымаў узнагароду на кінафэсце ў Гдыні

Аляксандр Міхалковіч атрымлівае ўзнагароду

Аляксандр Міхалковіч атрымлівае ўзнагароду / facebook.com/festiwal.filmowy.nnw

Дакументальны фільм Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка "Радзіма" атрымаў галоўны прыз у міжнароднай секцыі дакументальнага кіно на 15-м кінафестывалі NNW у Гдыні.

Старшыня журы Анна Ферэнс назвала фільм напружанай драмай, якая ў шматслойным апавяданні распавядае пра маральную эрозію людзей, якія апынуліся ў пастцы таталітарызму.

Стужка распавядае пра гвалт у войску і грамадстве, даследуе сацыяльныя нормы, якія за стаяць за гэтай з'явай. У фільме распавядаецца пра маці, чыйго сына знайшлі мёртвым падчас службы ў войску.

Сёлета стужка ўжо была адзначаная на міжнародных фестывалях, а гэтаксама вылучаная на прэмію Еўрапейскай акадэміі. Напрыклад, на Міжнародным фестывалі дакументальнага і кароткаметражнага кіно ў Кракаве стужка атрымала ўзнагароду глядацкіх сімпатый.

Як адзначае Reform.by, падчас цырымоніі ўзнагароджання рэжысёр Аляксандр Міхалковіч заявіў: "Я хачу прысвяціць гэтую ўзнагароду беларускім палітвязням і ўкраінцам на фронце".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі