Францыя — Украіна — 3:0, Ібрагімавіч — Раналду — 2:3 (відэа)
У аўторак прайшлі стыкавыя матчы адбору на чэмпіянат свету 2014 года.
Асаблівая ўвага была да матча Францыя — Украіна. Як вядома. у першым паядынку ўкраінцы сенсацыйна выйгралі — 2:0. На гэты раз сенсацыі не адбылося, французы перамаглі з лікам 3:0 і атрымалі права згуляць на сусветным першынстве. Адзначым толькі, што ў другім тайме ўкраінцы гулялі ў меншасці (на 46-й хвіліне быў выдалены Яўген Хачарыдзі).
Яшчэ адзін цікавы матч атрымаўся ў Стакгольме, дзе гулялі зборныя Швецыі і Партугаліі. У першай гульні партугальцы атрымалі перамогу — 1:0, адзіны гол забіў Крышціяну Раналду. На гэты раз Раналду стаў аўтарам хет-трыку, два галы забіў лідар шведскай зборнай Златан Ібрагімавіч. Перамога партугальцаў — 3:2 і яны едуць на чэмпіянат свету.
Яшчэ адну пуцёўку атрымалі грэкі, якія ў гасцях згулялі ўнічыю з румынамі — 1:1, а ў першым матчы зборная Грэцыі выйграла з лікам 3:1. На чэмпіянат свету прабіліся і харваты, якія выйгралі дома ў Ісландыі — 2:0 (у гасцях была нулявая нічыя).
Фота — Getty Images