Фрыдман пра антысемітызм дзяржпрапаганды: “Ізраіль усё фіксуе”

Фрыдман пра антысемітызм дзяржпрапаганды: “Ізраіль усё фіксуе”

Да Ізраіля беларускія ўлады і беларускія прапагандысты ставяцца досыць стрымана. Бо яны ведаюць, што Ізраіль, у адрозненне ад іншых заходніх краін, не ўводзіў санкцый супраць Беларусі, кажа гісторык, доктар Аляксандр Фрыдман. І таму яны не хочуць рабіць такіх адкрытых варожых крокаў у дачыненні да Ізраіля: “Гэта не значыць, што яны ставяцца да Ізраіля прыхільна. Гэта такая тактыка, “паводзіць сябе стрымана, каб не сапсаваць яшчэ і адносіны на гэтым напрамку”.

— Што ж тычыцца “антысемітызму”, так, антысемітызм дзяржаўнымі прапагандыстамі выкарыстоўваецца ва ўнутрыпалітычных мэтах, бо рэжым Лукашэнкі лічыць, што ў беларускім грамадстве вельмі распаўсюджаныя антысеміцкія настроі. Таму ў барацьбе с пратэсным рухам можна выкарыстоўваць і вось гэтую антысеміцкую кампаненту. Калі там падкрэсліваецца яўрэйскае паходжанне нейкіх функцыянераў палітычных альбо аналітыкаў і гэтак далей. Гэта такая антысеміцкая карта, якая выкарыстоўваецца. У Ізраіля гэта ўсё, зразумела, рэгіструецца. 

І вось выйшла новая справаздача Міністэрства па справах дыяспары Ізраіля. Там падрабязна зафіксаваны ўсе выпадкі антысемітызму, антысеміцкія тэндэнцыі ў Беларусі. Тут і звязаныя з фактычным замоўчваннем тэмы халакосту, і антысеміцкія выказванні беларускіх прапагандыстаў. Там згадваецца абсалютна антысеміцкі канал, блізкі да адміністрацыі Лукашэнкі, “Жёлтые сливы”. Там згадваюцца, дарэчы, асабіста такія топавыя беларускія прапагандысты, як Вадзім Гігін і Андрэй Крывашэеў. Як людзі, якія замоўчваюць халакост у сваіх выступленнях.

І гэта, дарэчы, такі вельмі моцны крок, бо гэта ж ізраільская справаздача, і яе чытаюць па ўсім свеце. І там выказана досыць жорсткае стаўленне iзраільскага боку да палітыкі памяці, да закона пра генацыд беларускага народа. І вось тыя праваднікі гэтага закона, такія топавыя прапагандысты, як Гігін, яны будуць у свеце цяпер і ўспрымацца менавіта праз прызму гэтай справаздачы. Гэта такі даволі моцны ўдар па ўсіх гэтых прапагандысцка-гістарычных праектах беларускіх уладаў. 

Ізраіль звяртае на гэта ўвагу, але дзяржава Ізраіль абсалютна слушна лічыць, што праблема антысемітызму ў Беларусі не з'яўляецца выключна ізраільскай праблемай. Гэта праблема Беларусі і праблема беларускіх уладаў. Пазіцыя Ізраіля — звяртаць на гэта ўвагу і ва ўнутрыпалітычным ізраільскім канфлікце. І звярнуць увагу беларускай супольнасці. 

Такая справаздача атрымалася вельмі непрыемная, і беларускаму боку тут у гэтым сэнсе не пазайздросціш. Антысемітызм дзяржаўных прапагандыстаў яшчэ будзе абмяркоўвацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі