Гандбольная зборная Беларусі разграміла каманду Ісландыі (відэа)
У сераду ў мінскім Палацы спорту прайшоў адборачны матч чэмпіянату Еўропы 2014 года.
Як вядома, Ісландыя ўжо забяспечыла сабе пуцёўку на кантынентальнае першынство ў Даніі. За другую пуцёўку змагаюцца зборныя Беларусі і Славеніі.
Ісландцы прыехалі ў Мінск у аслабленым складзе. Беларусы іх упэўнена і прыгожа перамаглі — 29:23. Прычым зрабілі гэта без свайго лідара, гульца "Барселоны" Сяргея Рутэнкі (на здымку), які не гуляў з-за траўмы.
На жаль, славенцы сёння прадказальна выйгралі ў гасцях у румынскай зборнай — 31:22. Таму ўсё вырашыцца ў нядзелю, 16 чэрвеня, калі ў Любляне пройдзе матч Славенія — Беларусь. Пачатак а 19-й гадзіне па беларускім часе, жывая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь-2".
На цяперашні момант у нашай 6-й групе лідыруе Ісландыя — 8 ачкоў, у Беларусі 7 ачкоў, у Славеніі — 5, Румынія ачкоў не мае.
Фота — nn.by