Гайдукевіч: Дэпутат ад ЛДПБ не падтрымае законапраект аб абароне БЧБ-сцяга

Гайдукевіч: Дэпутат ад ЛДПБ не падтрымае законапраект аб абароне БЧБ-сцяга

Законапраект “Аб выкарыстанні і ахове першага Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусі” рыхтуецца да перадачы ў Палату прадстаўнікоў. На дадзены момант і сам праект закона, і абгрунтаванне да яго дэпутат Ганна Канапацкая накіравала ў Міністэрства ўнутраных спраў і ў Міністэрства юстыцыі.

“Разам з дэпутатам Аленай Анісім мы накіравалі законапраект ў МУС і ў Мінюст для таго, каб яны азнаёміліся з нашым законапраектам і выказалі сваю пазіцыю. Наступным крокам будзе ацэнка законапраекта Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў. Калі не будзе ніякіх заўваг, то далей будзе ўнясенне праекта закона ў Палату прадстаўнікоў”, — кажа Ганна Канапацкая.

Гайдукевіч: Дэпутат ад ЛДПБ не падтрымае законапраект аб абароне БЧБ-сцяга
Алена Анісім і Ганна Канапацкая, фота са старонкі ў Фэйбуку Ганны Канапацкай

Па словах дэпутата, нават у тым выпадку, калі пералічаныя дзяржаўныя ўстановы будуць супраць ўнясення гэтага законапраекта ў Палату прадстаўнікоў, гэта яе не спыніць.

“У мяне ёсць права заканадаўчай ініцыятывы, і я ўсё адно буду яго ўносіць у Палату прадстаўнікоў. Адзінай, але сур’ёзнай перашкодай можа стаць Савет Палаты прадстаўнікоў, які можа сказаць, што гэты законапраект на дадзены момант не з’яўляецца важным і заблакаваць яго. І тут вельмі важнай будзе падтрымка іншых дэпутатаў”, — папярэджвае Ганна Канапацкая.

Вось толькі атрымаць гэтую падтрымку можа быць не вельмі проста, бо нават прадстаўнік “канструктыўнай апазіцыі”, дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад ЛДПБ Анатоль Хішчанка, галасаваць за гэты законапраект не будзе. Па словах першага намесніка старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча, кіраўніцтва партыі забароніць свайму дэпутату галасаваць за “легалізацыю” бел-чырвона-белага сцяга.

“Не будзем галасаваць за гэты законапраект — ён палітызаваны. Ганна кажа, што грамадства хоча рашэння гэтага пытання, а я скажу: грамадства хоча, каб яго не расколвалі! Грамадства не хоча патраення. Яно хоча росту заробкаў, умацавання суверэнітэту і незалежнасці і аб’яднання людзей. Два бліжэйшыя гады перад прэзідэнцкай і парламенцкай кампаніями будуць самымі складанымі з-за інфармацыйнага ўціску з усіх бакоў. Нам трэба аб’ядноўваць беларусаў, а гэты законапраект іх не аб’яднае”, — перакананы Алег Гайдукевіч.

На думку Гайдукевіча, лёс бел-чырвона-белага сцяга павінны вырашаць навукоўцы, а палітыкаў ад гэтай справы неабходна трымаць як мага далей, бо менавіта з-за палітыкаў, якія “палітызавалі” бел-чырвона-белы сцяг, і здараюцца затрыманні міліцыяй тых, хто з гэтым сцягам прыходзіць як на вулічныя акцыі, так і на спартыўныя мерапрыемствы ці канцэрты.

Цалкам размову з Ганнай Канапацкай і Алегам Гайдукевічам можна паслухаць  і паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі