Грамадзянін Латвіі вёз у Беларусь 150 патронаў пад сядушкай. Фота
Віцебская мытня пачала праверку, на мужчыну могуць пачаць крымінальную справу за кантрабанду.
У джыпе Grand Cherokee, на якім у Беларусь ехаў грамадзянін Латвіі, мытнікі нечакана выявілі цэлы склад боепрыпасаў. Як паведамляе interfax.by, здарэнне адбылося ў пункце мытнага афармлення "Бігосава-1".
Пад пасажырскім сядзеннем аўтамабіля мытнікі знайшлі поліэтыленавы пакет, у якім знаходзіліся кардонныя скрынкі з патронамі 12-га калібра. Агулам замежнік перавозіў 150 патронаў, не адзначыўшы іх у мытнай дэкларацыі.
У мытні адзначылі, што перавоз патронаў праз мяжу дапускаецца толькі пры наяўнасці дэкларацыі і пісьмовага дазволу ад Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
Цяпер па факце кантрабанды патронаў Віцебская мытня праводзіць праверку. Грамадзяніну Латвіі пагражае крымінальная справа.
Фота — Мытны камітэт