Хакеісты зборнай Беларусі перамаглі Славакію (відэа)
Дружына Глена Хэнлана паспяхова стартавала на міжнародным турніры Arosa Challenge ў Швейцарыі.
20 снежня ў Арозе зборная Беларусі выйграла ў славакаў з лікам 2:1 (1:0, 0:0, 1:1). Шайбы ў нашай каманды закінуў Сяргей Дзямагін на 4-й і 44-й хвілінах, другі раз — у большасці. Славацкая зборная скараціла лік на 57-й хвіліне, прычым зрабіла гэта ў меншасці.
Беларуская зборная выступала ў наступным складзе: Коваль, Гарошка — Стасенка, Дзямагін — Стась — Кальцоў (капітан), Гатавец — Дзянісаў, Сяргей Касціцын — Кітараў — Андрэй Касціцын, Казнадзей — Караў, Яфіменка — Восіпаў — Кавыршын, Нагачоў — Явенка, Камароў — Волкаў — Кіслы.
У другім паўфінале турніра сёння згуляюць зборныя Швейцарыі і Нарвегіі.