Тэа: У Джамалы песня — наўпроставая спекуляцыя

Тэа: У Джамалы песня — наўпроставая спекуляцыя

Беларускае прафесійнае журы, якое выбірала пераможцу "Еўрабачання-2016", прадказальна паставіла 12 балаў Расіі. Журы склалі Тэа, кампазітар Генадзь Маркевіч, спявачка Вольга Плотнікава, прадзюсары Вольга Драздова і Аляксандр Капенкін. У сацсетках і на форумах адразу пачаліся абурэнні. Маўляў, ну, Тэа зразумела, ездзіў на “Еўрабачанне”, а астатнія — “хто ўсе гэтыя людзі” і “якое дачыненне маюць да конкурсу”?

Чаму менавіта гэтыя асобы ўвайшлі ў склад нацыянальнага журы, Еўрарадыё тлумачыць каардынатар праектаў Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага вяшчальнага саюза Вольга Саламаха

Тэа: У Джамалы песня — наўпроставая спекуляцыя

"Згодна з правіламі фармавання міжнароднага журы конкурсу, усе сябры журы мусяць мець дачыненне да сферы музыкі ці тэлебачання. То бок гэта могуць быць спевакі, кампазітары, музыкі, тэлевізійныя прадзюсары, — людзі, якія разбіраюцца ў музычнай і тэлеіндустрыі. Кожны сябра журы праходзіць праверку ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе".

Па словах Вольгі, у ЕВС дасылаюцца матэрыялы пра сябраў журы, спасылкі на сайты, якія характарызуюць іх дзейнасць. Пры гэтым зусім неабавязкова, каб гэтыя асобы раней наведвалі "Еўрабачанне".

Вольга Саламаха: Напрыклад, калі б кандыдатура каго-небудзь з сябраў журы не задаволіла ЕВС, нам бы прапанавалі выбраць іншага. Сябрам журы можа быць чалавек, які мае дачыненне да музыкі ці тэлеіндустрыі.

Еўрарадыё: То бок Алег Хаменка з гурта "Палац" таксама можа ім стаць?

Вольга Саламаха: Канечне, хто заўгодна.

Як даведалася Еўрарадыё, сімпатыі журы крыху раздзялілася. Тэа і Аляксандр Капенкін ставяць на першае месца Расію. 

"Круты нумар. Візуальны падман таго, што ты бачыш, незразумела чаму чалавек пачынае крочыць", — тлумачыць Тэа. Іншыя сябры журы таксама адзначаюць менавіта тэхнічны бок расійскага нумару.

"Я захопленая шоў Лазарава. Шчыра кажучы, не вельмі нават слухала песню, бо ўважліва назірала за нумарам. Было цікава, як ён там перамяшчаецца, у чым загадка, што будзе далей. І тое, што нумар да апошняга трымаў ля экранаў, кажа, што ён адзін з лідараў", — дадае Вольга Плотнікава.

Тэа: У Джамалы песня — наўпроставая спекуляцыя
Вольга Плотнікава ў акружэнні ўдзельнікаў "Еўрабачання" Руслана Аляхно і Тэа

Дарэчы, для Вольгі і яе мужа Генадзя Маркевіча фаварытам у фінале "Еўрабачання" стаў прадстаўнік Літвы Доні Монтэл. Пара паставіла яму 12 балаў. Высока ацаніў літоўца і Тэа. У выніку ў беларускай версіі журы Літва апынулася на другім месцы.

Тэа: У Джамалы песня — наўпроставая спекуляцыя

"Ведаючы, што я буду ў журы, спецыяльна не слухаў песні ў інтэрнэце, каб мець свежае ўспрыняцце ад пачутага, — кажа Генадзь Маркевіч, які піша песні для сваёй жонкі, а таксама для Іны Афанасьевай, Руслана Аляхно, Вікторыі Алешка, Алены Грышанавай. — Першае месца аддаў Літве за пазітыў. Там песня класная, фарматная, хлопец вельмі здорава спяваў, лёгка, ніводнай грузнай ноты, пры гэтым яшчэ і танцаваў. Усё было гарманічна".

Адзінай, хто паставіў найбольшы бал сёлетняй пераможцы конкурсу Джамале, стала Вольга Драздова, якая ў мінулым годзе рыхтавала да дзіцячага "Еўрабачання" Руслана Асланава:

"З першых гукаў песні праняло да дрыжыкаў. Я, не разумеючы крымска-татарскага, адразу зразумела, пра што гэтая песня. Да мяне дайшоў боль. І было неістотна, ёсць там палітыка ці не. То бок музыка мусіць выклікаць эмоцыі: слёзы ці радасць. Джамала выклікала ў мяне боль, суперажыванне, спачуванне. І ўсё маё цела, кожны валасок, спявала разам з Джамалай. Таму я не змагла паддацца меркаванню маіх сяброў (не калег па журы) і прагаласаваць інакш".

Тэа: У Джамалы песня — наўпроставая спекуляцыя
Вольга Драздова і Руслан Асланаў. Фота з сацыяльных сетак

Праўда, "палітызаванасць" стала адной з прычын, якая дазволіла Джамале ўзначаліць топ Тэа.

"Я не прыхільнік спекуляцый у мастацтве, а ў Джамалы песня — наўпроставая спекуляцыя. Да таго ж, я не прызнаю на "Еўрабачанні" дэпрэсіўную музыку, хацелася нечага святлейшага, — прызнаецца музыка, які ў 2014 годзе выканаў пазітыўны "Чызкейк" і заняў 16 месца ў фінале конкурсу. — Пры гэтым у Джамалы настолькі моцная энергетыка, яна настолькі шчырая выканаўца — яна не грае, а калі і грае, то гэтая ігра сапраўдная. А ўсё, што робіцца шчыра, заўсёды працуе".

Па выніках галасавання беларускага журы Джамала набрала толькі 7 балаў і заняла чацвёртае месца. Беларускія ж тэлегледачы ацанілі ўкраінскую спявачку на 10 балаў. Наконт першага месца меркаванні журы і гледачоў супалі: перамог Сяргей Лазараў.

Нагадаем, у 2013 годзе меркаванні беларускіх журы і гледачоў наконт пераможцы “Еўрабачання” таксама раздзяліліся. Журы проста праігнаравала Канчыту Вурст, а гледачы паставілі выканаўцу на 4-е месца.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі